Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967761_778899/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:37
07.08.2018 15:44 Грамадства, Палітыка

БАЖ: Вобыскі і затрыманні ў рэдакцыях tut.by і БелаПАН — грубае парушэнне свабоды выказвання і дзейнасці СМІ

Мінск, 7 жніўня. Вобыскі і затрыманні ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і інтэрнэт-партала tut.by — гэта грубае парушэнне свабоды выказвання і дзейнасці СМІ, гаворыцца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", апублікаванай на сайце БАЖ.

"Мы лічым гэта грубым парушэннем свабоды выказвання і дзейнасці СМІ. У любым выпадку дзеянні праваахоўных органаў выглядаюць празмернымі. Расследаванне крымінальных спраў не павінна ўплываць на свабоду і прафесійную дзейнасць СМІ", — гаворыцца ў заяве.

"Асаблівую заклапочанасць выклікае пераслед рэдакцый на фоне сістэматычных парушэнняў права на распаўсюджванне інфармацыі і запалохвання журналістаў праз пераслед заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая і журналістаў тэлеканала "Белсат", — указваюць аўтары заявы.

Яны заклікаюць неадкладна вызваліць затрыманых і забяспечыць доступ астатніх журналістаў tut.by і БелаПАН да іх працоўных месцаў.

Вобыскі ў офісах інтэрнэт-партала tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН доўжацца ўжо больш як сем гадзін. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, шасцярых журналістаў, у тым ліку міжнароднага аглядальніка агенцтва БелаПАН Таццяну Каравянкову, затрымалі на трое сутак.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў".

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.

Іншых каментароў у ведамстве пакуль не даюць.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН