Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967774_886695/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:11
07.08.2018 17:26 Грамадства

Месцазнаходжанне карэспандэнта БелаПАН Таццяны Каравянковай дагэтуль невядомае

Мінск, 7 жніўня. Месцазнаходжанне карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяны Каравянковай, затрыманай раніцай 7 жніўня, да гэтага часу невядомае.

Даведацца, дзе зараз яна знаходзіцца, не ўдаецца нават адвакату Таццяны.

Раніцай у вёсцы, дзе Каравянкова знаходзілася падчас адпачынку, праваахоўнікі правялі вобыск, пасля чаго павезлі журналістку ў Мінск. Аднак дзе яна знаходзіцца, да гэтага часу не зразумела. У Следчым камітэце заяўляюць, што такой інфармацыяй не валодаюць.

Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу прыкладна сямі гадзін праводзілі паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскаваныя шэсць цвёрдых дыскаў з камп`ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў. З офіса БелаПАН для давання паказанняў павезлі ў Следчы камітэт дзяжурнага рэдактара агенцтва Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня і прысутнічаў пры вобыску.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН