Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967778_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:51
07.08.2018 18:03 Палітыка, Грамадства

МЗС: Сітуацыя з вобыскамі і затрыманнямі ў tut.by і БелаПАН ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці

Мінск, 7 жніўня. Сітуацыя з расследаваннем крымінальнай справы, у якое ўцягнутыя некалькі беларускіх СМІ, у прыватнасці ЗАТ "БелаПАН" і ТАА "ТутБай Медыя", не ляжыць у палітычнай плоскасці, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

"Гэтая справа адносіцца да кампетэнцыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, які размясціў адпаведныя падрабязныя каментары. Не варта шукаць нейкай іншай падаплёкі ці "падводных камянёў" — сітуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці і не мае ніякага дачынення да пытанняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасці ў Беларусі", — гаворыцца ў адказе начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратара МЗС Глаза на пытанне МІА Россия сегодня.

"Наколькі нам вядома, гаворка ідзе пра тое, што фігурантаў расследавання падазраюць у банальным неправамерным выкарыстанні доступу да платнай інфармацыі. Гэта выключна прававое пытанне, і цераз гэту прызму яго трэба разглядаць", — адзначаецца ў адказе, размешчаным на сайце знешнепалітычнага ведамства.

Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу прыкладна сямі гадзін праводзілі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскаваныя шэсць цвёрдых дыскаў з камп`ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў. З офіса БелаПАН для давання паказанняў павезлі ў Следчы камітэт дзяжурнага рэдактара агенцтва Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня і прысутнічаў пры вобыску.

Следчы камітэт раней распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай для рапачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.

Раніцай у вёсцы, дзе Каравянкова знаходзілася падчас адпачынку, праваахоўнікі правялі вобыск, пасля чаго павезлі журналістку ў Мінск. Аднак дзе яна знаходзіцца, да гэтага часу не зразумела. У Следчым камітэце заяўляюць, што такой інфармацыяй не валодаюць.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН