Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967795_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:58
07.08.2018 19:43 Грамадства

Карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова затрыманая на трое сутак

Мінск, 7 жніўня. Карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова затрыманая на трое сутак, якія яна правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання на перавулку Акрэсціна ў Мінску.

Раніцай 7 жніўня ў вёсцы ў Гродзенскай вобласці, дзе Каравянкова знаходзілася падчас адпачынку, праваахоўнікі правялі вобыск па справе пра несанкцыянаваны доступ да інфармацыі агенцтва БелТА. Пасля гэтага журналістку адвезлі ў Мінск, дзе дапыталі ў Следчым камітэце.

Паводле інфармацыі прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, допыт адбываўся ў прысутнасці дзяжурнага адваката. Пры гэтым адваката, з якім журналістка мела дагавор, да яе не пусцілі.

Таццяна адмовілася даваць паказанні, яна затрыманая на 72 гадзіны. Таксама ўвечары адбудзецца вобыск у мінскай кватэры Каравянковай, паведаміў прэс-службе БАЖ яе адвакат.

Вобыск 7 жніўня прайшоў і ў рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Яго на працягу амаль васьмі гадзін праводзілі прыкладна паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскавана шэсць цвёрдых дыскаў з камп`ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў.

З офіса БелаПАН для давання паказанняў павезлі ў Следчы камітэт дзяжурнага рэдактара агенцтва Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня і прысутнічаў пры вобыску.

Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай для рапачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў Следчы камітэт.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН