Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/07/967806_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:32
07.08.2018 20:41 Грамадства

Рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Андрэй Серада, верагодна, таксама затрыманы

Мінск, 7 жніўня. Дзяжурны рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэй Серада, хутчэй за ўсё, затрыманы на 72 гадзіны.

Серада знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня і прысутнічаў пры вобыску па справе аб несанкцыянаваным доступе да інфармацыі агенцтва БелТА. Пасля вобыску, які працягваўся ў рэдакцыі БелаПАН/Naviny.by каля васьмі гадзін, рэдактара павезлі ў Следчы камітэт для дачы паказанняў. Пры гэтым адваката да яго сёння не дапусцілі.

Вядома таксама, што на трое сутак затрыманая карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Раніцай 7 жніўня ў вёсцы ў Гродзенскай вобласці, дзе Каравянкова знаходзілася падчас адпачынку, праваахоўнікі правялі вобшук па згаданай справе. Пасля гэтага журналістку адвезлі ў Мінск, дзе дапыталі ў Следчым камітэце.

Паралельна вобыск праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў, частка з якіх, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, таксама затрыманыя.

Следчы камітэт раней распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што "па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН