Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967823_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:54
08.08.2018 09:39 Грамадства

Алег Гайдукевіч: На разумею, навошта затрымліваць журналістаў у межах расследавання крымінальнай справы

Мінск, 8 жніўня. Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, былы начальнік УУС Фрунзенскага раёна Мінска Алег Гайдукевіч выказаў здзіўленне ў сувязі з затрыманнем журналістаў БелаПАН і tut.by.

"Не разумею і не магу зразумець, навошта журналістаў у межах расследавання крымінальнай справы затрымліваць ў ІЧУ! Што перашкаджае разабрацца ў сітуацыі без гэтага? Складанасць справы — не! Грамадская небяспека затрыманых — не. Ёсць сумневы ў тым, што будзе кампенсаваная шкода — не. Перакананы, яна будзе кампенсаваная да суда. Паказаць нешта грамадству, краіне? Краіну і народ значна больш цікавяць крымінальныя справы ў ахове здароўя і карупцыя сярод чыноўнікаў, калі ў судзе адзін з кіраўнікоў на мінулым тыдні кажа, я не памятаю, як я купіў "Мерсэдэс", — напісаў Гайдукевіч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

7 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)". Падставай паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў СК.

У рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН амаль восем гадзін праходзіў вобыск. Яго праводзілі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС па крымінальнай справе пра несанкцыянаваны доступ да інфармацыі агенцтва БелТА. Канфіскавана шэсць цвёрдых дыскаў з камп`ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў. На трое сутак затрыманая карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Паралельна вобыск праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў, частка з якіх, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, таксама затрыманыя.

Інфармацыя пра вобыскі і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ выклікае ў Савета Еўропы глыбокую заклапочанасць, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара Савета Еўропы Даніэля Хёльтгена. "Некаторыя з закранутых СМІ з`яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць неабходна, але расследаванні не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта звяртацца ў якасці апошняга сродку", — падкрэсліваецца ў заяве.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН