Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967830_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2020 15:44
08.08.2018 10:08 Грамадства, Палітыка

Заснавальнік tut.by Юрый Зісер аб вобысках і затрыманнях журналістаў: Палітычная падаплёка справы стала відавочнай

Мінск, 8 жніўня. У вобысках і затрыманні журналістаў, якія правёў 7 жніўня Следчы камітэт, заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер бачыць палітычную падаплёку.

"З раніцы палітыка не была прыкметная. Аднак пад канец дня падзея атрымала настолькі касмічныя маштабы адлюстравання ў розных дзяржаўных СМІ, цалкам не сувымерныя сутнасці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай", — напісаў Зісер на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

Паводле яго інфармацыі, з офіса tut.by канфіскавалі "з дзясятак сістэмных блокаў нашых журналістаў (не толькі затрыманых)". "У цяперашні час нешта робяць з офіснымі серверамі. Магу меркаваць, што капіююць усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпапартал, бухгалтэрыю, і калі гэта так, то напэўна не толькі ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ", але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да мяне дачыненне", — паведаміў Зісер.

"Кліенцкую інфармацыю (пошту, хостынг і г.д.) не чапаюць, партал і хостынг працуюць нармальна, навіны і рэклама публікуюцца своечасова. Людзі працуюць з дому", — адзначыў ён.

Раніцай 7 жніўня СК распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў 7 жніўня Следчы камітэт.

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобшукі. У БелаПАН канфіскаваныя шэсць сістэмных блокаў камп`ютараў. Былі затрыманыя палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гродзенскай вобласці), галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля, паводле інфармацыі Зісера, Бабаед, Бобрык і Беразюк былі адпушчаныя. На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры вобысках дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Іх затым адпусцілі.

Афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Савета Еўропы заявіў, што інфармацыя пра вобыскі і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ выклікае глыбокую заклапочанасць. "Некаторыя з закранутых СМІ з`яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць неабходна, але расследавання не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта звяртацца ў якасці апошняга сродку", — падкрэсліваецца ў заяве.

У сваю чаргу беларускае МЗС параіла не шукаць "нейкай іншай падаплёкі ці "падводных камянёў" — сітуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці і не мае ніякага дачынення да пытанняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасці ў Беларусі".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239