Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967836_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:56
08.08.2018 11:21 Грамадства, Палітыка

Кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны выказаў салідарнасць з беларускімі калегамі

Мінск, 8 жніўня. Кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка выказаў салідарнасць з беларускімі калегамі ў сувязі з вобшукамі ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала tut.by.

"Дзеянні праваахоўнікаў, якія нібыта расследуюць незаконнае (без платных пароляў) карыстанне стужкамі дзяржаўнага інфармагенцтва, з`яўляюцца празмернымі і накіраваныя на запалохванне журналістаў. Да таго ж крыўдна, што фармальнай падставай для пераследу сіламі беларускай міліцыі журналістаў стала скарга, напісаная прадстаўніком журналісцкага цэха — дырэктарам дзяржаўнага інфармагенцтва. НСЖУ выказвае падтрымку Беларускай асацыяцыі журналістаў", — напісаў Таміленка ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)". Падставай паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў 7 жніўня Следчы камітэт.

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобшукі. Канфіскаваныя сістэмныя блокі камп`ютараў, у тым ліку тыя, што належаць журналістам, якія не фігуруюць у матэрыялах справы. Былі затрыманыя палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гродзенскай вобласці), галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля Бабаед, Бобрык і Беразюк адпусцілі. На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры вобысках дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Іх затым таксама адпусцілі.

Раніцай 8 жніўня ў офісе tut.by аднавіўся вобыск. Акрамя таго, следчыя прыйшлі ў кватэру журналістаў Паўла і Вольгі Быкоўскіх.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН