Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967849_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:42
08.08.2018 10:33 Грамадства, Палітыка

У офісе tut.by другі дзень ідзе вобшук

Мінск, 8 жніўня. У офісе партала tut.by у 8 гадзін 8 жніўня прадоўжыўся вобшук. У самой рэдакцыі ён скончаны, але ў іншых падраздзяленнях кампаніі працягваецца, паведаміў партал.

Раніцай 7 жніўня СК распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што "паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп'ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміў 7 жніўня Следчы камітэт.

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобшукі. У БелаПАН канфіскаваныя шэсць сістэмных блокаў камп'ютараў. Былі затрыманыя палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гродзенскай вобласці), галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля, паводле інфармацыі Юрыя Зісера, Бабаед, Бобрык і Беразюк былі адпушчаныя. На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры вобысках дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Іх затым адпусцілі.

Раніцай 8 жніўня следчыя прыйшлі дадому да журналістаў Паўла і Вольгі Быкоўскіх. Ці звязана гэта з вышэйназванай справай, пакуль невядома.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН