Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967855_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 18:23
08.08.2018 11:38 Грамадства, Палітыка

БСДП (Грамада) запатрабавала спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў

Магілёў, 8 жніўня. Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прыняў 8 жніўня заяву, у якой выказаў пратэст супраць затрыманняў журналістаў і вобшукаў у рэдакцыях незалежных СМІ.

"Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пратэстуе супраць затрымання журналістаў незалежных інфармацыйных кампаній tut.by і БелаПАН Дзмітрыя Бобрыка, Ганны Ермачонак, Андрэя Серады, Яўгеніі Беразюк, Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінаў, Ульяны Бабаед, Галіны Уласік і Таццяны Каравянковай, а таксама змяшчэння некаторых з іх у ізалятар часовага ўтрымання. Мы таксама пратэстуем супраць вобшукаў у незалежных журналістаў Вольгі і Паўлюка Быкоўскіх", — гаворыцца ў заяве апазіцыйнай партыі.

Яе кіраўніцтва лічыць, што вобыскі ў офісах найбуйнейшых недзяржаўных СМІ і кватэрах незалежных журналістаў, затрыманне некаторых з іх з'яўляюцца праявай рэпрэсій у адносінах да незалежных медыя і свабоды слова ў Беларусі, дэманстрацыяй сілы і спосабам запалохвання.

"БСДП лічыць, што падобнымі правакацыйнымі дзеяннямі наносіцца ўрон іміджу Беларусі на міжнароднай арэне, развейваецца міф таго, што мы жывем у адкрытай, бяспечнай і талерантнай краіне, здольнай да дыялогу, у якой працуе закон і паважаецца плюралізм меркаванняў. Мы перакананыя, што змяшчэнне журналістаў у ізалятар часовага ўтрымання, пераважная колькасць якіх жанчыны, з'яўляецца вяршыняй цынізму, бо ў іх дзеяннях няма грамадскай небяспекі і ў падобных мерах не было неабходнасці", — упэўненыя ў партыі.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заклікае неадкладна вызваліць журналістаў, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, і працягнуць разгляд па фактах несанкцыянаванага доступу па чужых паролях да платнай інфармацыі БелТА цывілізавана, без гвалту і істэрыкі.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН