Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967872_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:29
08.08.2018 12:58 Палітыка, Грамадства

Беларускія апазіцыйныя арганізацыі патрабуюць неадкладна вызваліць незалежных журналістаў

Мінск, 8 жніўня. Аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" патрабуюць неадкладна вызваліць незалежных журналістаў, якіх затрымалі 7 жніўня пасля вобшукаў у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і інтэрнэт-партала tut.by.

"Народная Грамада" патрабуе спыніць пераслед незалежных СМІ, вызваліць арыштаваных журналістаў і "не павялічваць колькасць злачынстваў рэжыму, за якія потым прыйдзецца адказваць яго кіраўніцтву", гаворыцца ў заяве лідара арганізацыі Мікалая Статкевіча.

"Сур'ёзна ўспрымаць" афіцыйную версію арыштаў журналістаў "увогуле нельга", лічыць палітык.

Навіны пра вобшукі ў рэдакцыях незалежных СМІ, лічыць старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сведчаць пра "новы націск на свабоду слова". "Сітуацыя выглядае так, што перад сілавымі структурамі пастаўленая задача запалохаць журналісцкую супольнасць", — гаворыцца ў яго заяве. "Відавочна, што дзяржава не хоча абараняць чыесьці эканамічныя інтарэсы, а далей абмяжоўваць свабоду слова, асабліва ў інтэрнэце. Ад імя Партыі БНФ я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых рэдактараў і журналістаў. Крымінальная справа супраць іх павінна быць спыненая, а ўсе прэтэнзіі адносна выкарыстання інфармацыйных прадуктаў павінны вырашацца ў рэчышчы грамадска-прававых спрэчак", — заявіў Кастусёў.

Аргкамітэт БХД таксама выказаў рашучы пратэст супраць пераследу незалежных журналістаў. "Зачыстка беларускіх незалежных СМІ можа азначаць, што ўлады рыхтуюцца да сур'ёзных палітычных падзеяў. У тым ліку, магчыма, гэта з'яўляецца часткай падрыхтоўкі да агульнарэспубліканскага рэферэндуму, на які можа быць вынесенае пытанне аб фактычнай анексіі Беларусі Расіяй", — гаворыцца ў заяве сустаршыні арганізацыі Віталя Рымашэўскага.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН