Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967955_456987/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:51
08.08.2018 17:32 Грамадства

Следчы камітэт паведаміў аб затрыманні журналістаў Аляксея Жукава і Паўла Быкоўскага

Мінск, 8 жніўня. Следчы камітэт Беларусі размясціў на сваім сайце новую інфармацыю аб ходзе расследавання справы, распачатай на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Як паведамляе СК, 8 жніўня праводзяцца следчыя дзеянні са службовымі асобамі рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва", ТАА "РіэлтБай", ТАА "АйЦіВі".

Акрамя таго, паводле падазрэння ў здзяйсненні аналагічных супрацьпраўных дзеянняў затрыманыя журналісты Аляксей Жукаў і Павел Быкоўскі.

"Следчымі сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў ажыццяўляюцца мерапрыемствы, скіраваныя на поўнае і ўсебаковае высвятленне ўсіх абставінаў учыненых супрацьпраўных дзеянняў. У межах гэтых мерапрыемстваў супрацоўнікамі правяраецца наяўная і новая інфармацыя, што паступае падчас папярэдняга расследавання. Расследаванне працягваецца", — адзначаецца ў паведамленні СК.

Арышты, вобшукі і допыты журналістаў праводзяцца ў Беларусі ў межах згаданай крымінальнай справы другі дзень запар.

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп'ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца "БелТА".

Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу больш як сямі гадзін праводзілі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскавана шэсць цвёрдых дыскаў з камп'ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў.

Паралельна вобыск праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пазней Бабаед, Бобрыка і Беразюк адпусцілі.

На допыты ў СК дастаўлялі прысутных пры вобысках дзяжурнага рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду і генеральнага дырэктара tut.by Людмілу Чэкіну. Абодвух затым таксама адпусцілі.

Раніцай 8 жніўня ў офісе tut.by працягнуўся вобшук. На 16.30 на допыт быў выкліканы заснавальнік партала Юрый Зісер.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН