Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/967970_123456/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:41
08.08.2018 18:45 Палітыка, Грамадства

Магілёўскія члены БАЖ патрабуюць спыніць пераслед журналістаў і асуджаюць дзеянні гендырэктара БелТА

Магілёў, 8 жніўня. Члены Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), якія пражываюць у Магілёўскай вобласці, прынялі 8 жніўня заяву, у якой патрабуюць вызваліць усіх затрыманых калег і спыніць знішчэнне незалежных СМІ.

"Мы, члены БАЖ Магілёўскай вобласці, абураныя і рашуча пратэстуем супраць затрыманняў журналістаў БелаПАН і TUT.BY, іншых прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці, а таксама вобшукаў, якія прайшлі ў рэдакцыях розных СМІ. Мы разумеем, што прычынай гэтых нападак на незалежныя медыя насамрэч ёсць непераадольнае жаданне беларускіх улад на чале з прэзідэнтам Лукашэнкам знішчыць свабоду слова ў нашай краіне. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення незалежных журналістаў і спынення іх пераследу", — гаворыцца ў заяве.

Магілёўскія журналісты — члены БАЖ таксама вельмі рэзка выказваюцца адносна дзеянняў гендырэктара РУП "БелТА" Ірыны Акуловіч, якая доўгі час працавала журналістам у Магілёве. "Мы таксама абураныя дзеяннямі генеральнага дырэктара агенцтва БелТА, члена Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Акуловіч, рукамі якой вяршыцца брудная справа знішчэння незалежных медыярэсурсаў ў Беларусі. Паколькі, як нам стала вядома, менавіта заява Акуловіч стала падставай для затрыманняў журналістаў, мы лічым неабходным заявіць: нам, магілёўскім журналістам, вельмі прыкра, што гэтая асоба калісьці лічылася нашай калегай, працавала на магілёўскай зямлі, а сёння стала свядомым выканаўцам агіднага палітычнага заказу кіруючай клікі, якая імкнецца знішчыць нешматлікія незалежныя медыя, накрыць краіну затхлым смуродам афіцыёзу", — заяўляюць магілёўскія члены БАЖ.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН