Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/08/968004_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:10
08.08.2018 22:34 Палітыка, Грамадства

Тэлеканал "Еўраньюс" выпусціў сюжэт пра вобыскі ў БелаПАН і tut.by і затрыманні журналістаў у рамках "справы БелТА"

Мінск, 8 жніўня. Еўрапейскі кругласутачны інфармацыйны тэлеканал "Еўраньюс" 8 жніўня выпусціў сюжэт пра вобыскі ў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, офісе партала tut.by і затрыманні журналістаў у рамках "справы БелТА".

"Захад супакоіўся наконт Беларусі, і, мабыць, улада вырашыла, што можна гэтыя СМІ прыціснуць, выкарыстоўваючы нагоду для гэтага. Мы расцэньваем гэта як ціск на незалежныя СМІ", — заявіў у сюжэце заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер.

На момант выхаду матэрыялу "Еўраньюс" не змог атрымаць каментарыі ад генеральнага дырэктара БелТА Ірыны Акуловіч: у агенцтве спаслаліся на яе занятасць.

У сюжэце адзначаецца, што Еўрапейскі саюз заклікаў вызваліць затрыманых у Мінску журналістаў, а афіцыйнае прадстаўніцтва ЕС заявіла, што дадзеныя дзеянні "супярэчаць заяўленай палітыцы па дэмакратызацыі і міжнародным абяцанням" Беларусі. Арышты журналістаў асудзілі і праваабаронцы.

"Мы былі здзіўлены, што на падставе такіх абвінавачванняў да журналістаў былі прымененыя такія жорсткія меры. Гэта робіцца для запалохвання вядучых СМІ ў краіне ў кантэксце усё нарастальнага ціску на вольныя галасы ў Беларусі. Мы заклікаем улады супакоіцца і дазволіць журналістам проста рабіць сваю працу", — заявіў кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" Ёхан Бір.

Назіральнікі не выключаюць, што цяперашняя кампанія супраць журналістаў негатыўна адаб'ецца на кволым працэсе нармалізацыі адносін паміж Мінскам і Бруселем, адзначае "Еўраньюс" у канцы сюжэту.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239