Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968199_968200_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2018 16:13
10.08.2018 07:28 Грамадства

Аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова адпушчана на свабоду

Мінск, 10 жніўня. Міжнародны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова позна вечарам 9 жніўня была адпушчана на свабоду пад абавязацельства аб яўцы.
"Пастанова аб вызваленні была падпісана каля 23.00, і прыкладна ў 23.20 мяне адпусцілі. 10 жніўня ў 11.00 я павінна быць у Следчым камітэце для працягу допыту", — паведаміла БелаПАН Каравянкова, якая знаходзіцца ў статусе падазраванай па "справе БелТА", распачатай на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Журналістка дала падпіску пра нераскрыванні тайны следства.

Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэта з`явіліся да Каравянковай ў яе вясковы дом у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе яна праводзіла адпачынак. "Гэта было каля 7-й гадзіны раніцы. Хтосьці пераскочыў праз плот, і спачатку я падумала, што гэта быў сусед, з якім у мяне нядаўна быў канфлікт. Як аказалася, гэта быў адзін з аператыўных супрацоўнікаў. Пасля вобыску, прыкладна ў 11.10, мне абвясцілі аб статусе падазраванай, і мы паехалі ў Мінск. Я настойвала на сваім праве патэлефанаваць, на што мне адказалі, што я змагу гэта зрабіць пасля вобыску. Аднак і пасля вобыску мне такую магчымасць не далі", — сказала аглядальнік БелаПАН.

Ночы на 8 і 9 жніўня яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання ў завулку Акрэсціна, ад турэмнай ежы адмаўлялася з-за яе агіднага паху, ела толькі сухары і тое, што было ў перадачы, атрыманай 8 жніўня ад маці і сябровак.

Падчас першага допыту 7 жніўня Каравянкова адмовілася ад дачы паказанняў, бо не дапусцілі яе адваката, а прапанавалі дзяжурнага. 9 жніўня было два допыты. На першым яна зноў адмовілася адказваць — з-за дрэннага самаадчування, другі допыт адбыўся ў прысутнасці абаронцы, з якім у яе заключаны дагавор.

Вечарам 9 жніўня былі адпушчаныя на свабоду супрацоўнікі партала tut.by і газеты "Белорусы и рынок".

У зняволенні застаюцца галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына (затрыманая 9 жніўня) і карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Павел Быкоўскі (8 жніўня).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН