Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968220_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.08.2018 21:05
10.08.2018 11:52 Палітыка, Грамадства

Генпракуратура Беларусі выказала занепакоенасць выкананнем ва ўкраінскім крымінальным працэсе правоў беларуса Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы

Мінск, 10 жніўня. Намеснік генеральнага пракурора Беларусі на сустрэчы з украінскімі калегамі ў Кіеве выказаў занепакоенасць выкананнем ва ўкраінскім крымінальным працэсе правоў беларуса Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Украінскае нагляднае ведамства на сустрэчы было прадстаўленае першым намеснікам і намеснікам генеральнага пракурора Украіны Дзмітрыем Старажуком і Яўгенам Еніным адпаведна, іншымі пракурорскімі работнікамі.

Аляксей Стук абмеркаваў сітуацыю вакол расследавання і судовага разгляду ўкраінскімі кампетэнтнымі органамі крымінальнай справы ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Афіцыйна праінфармаваў украінскіх калегаў аб тым, што Юрый Палітыка не мае і ніколі не меў дачынення да дзейнасці якіх бы там ні было органаў бяспекі Беларусі. Адзначыў, што яго магчымае асуджэнне за асабліва цяжкае злачынства супраць Украіны было б заведама незаконным.

Стук звярнуў увагу на важнасць забеспячэння законнасці пры разглядзе крымінальнай справы, бесстаронняга вывучэння сабраных супраць яго доказаў. Паказаў на недапушчальнасць іх атрымання недазволенымі метадамі следства. Адзначыў непрымальнасць палітычнай матываванасці крымінальнага пераследу.

Бакі дамовіліся актывізаваць узаемадзеянне ведамстваў у прававой сферы.

Юрый Палітыка быў затрыманы СБУ 16 чэрвеня 2017 года ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску "Новыя Ярылавічы" Чарнігаўскага пагранічнага атрада.

12 лютага Чарнігаўскі раённы суд пачаў падрыхтоўчы разгляд справы Палітыкі. Судовыя пасяджэнні па розных прычынах пераносіліся восем разоў.

15 мая калегія суддзяў, якая вядзе працэс, заявіла аб самаадводзе. Гэтае рашэнне падтрымалі пракуроры, а таксама абвінавачаны і яго адвакаты. Як паведамлялася на сайце Чарнігаўскага раённага суда, прычынай самаадводу стала тое, што жонка аднаго з суддзяў вучылася разам з адвакатам падазронага і знаходзіцца з ім у таварыскіх адносінах, а таксама з іншымі ўдзельнікамі калегіі суддзяў, якая разглядае справу Палітыкі. "Гэтыя абставіны, на думку калегіі суддзяў, выклікаюць сумнеў у бесстароннасці суда, — гаварылася ў паведамленні. — У сувязі з немагчымасцю ўтварэння іншага складу калегіі ў Чарнігаўскім раённым судзе гэтая крымінальная вытворчасць накіраваная ў апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці для вызначэння падсуднасці".

29 мая апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці прыняў рашэнне, што справу беларуса будзе разглядаць Новазаводскі раённы суд Чарнігава. Пасля гэтага некалькі разоў прызначаліся судовыя пасяджэнні, але затым іх пераносілі з-за адсутнасці перакладчыка.

1 жніўня тэрмін арышту прадоўжаны да 28 жніўня. Судовае пасяджэнне па справе ў чарговы раз перанесены. Новая дата разгляду — 27 жніўня.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН