Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968262_123456/
Дата раздрукоўкі: 20.08.2018 21:04
10.08.2018 14:12 Палітыка, Грамадства

Таццяна Каравянкова застаецца ў статусе падазраванай па "справе БелТА"

Мінск, 10 жніўня. Міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова застаецца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе аб несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі — так званай справе БелТА. Пра гэта яна паведаміла БелаПАН пасля заканчэння трохгадзіннага допыту ў Следчым камітэце.

Каравянкова позна ўвечары 9 жніўня была адпушчаная на свабоду пад абавязацельства аб яўцы. "Пастанова аб вызваленні была падпісана каля 23.00, і прыкладна ў 23.20 мяне адпусцілі. 10 жніўня ў 11.00 я павінна быць у Следчым камітэце для працягу допыту", — паведаміла журналістка.

Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэта з`явіліся да Каравянковай ў яе вясковы дом у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе яна праводзіла адпачынак. "Гэта было каля 7 гадзін раніцы. Хтосьці пераскочыў праз плот, і спачатку я падумала, што гэта быў сусед, з якім у мяне нядаўна быў канфлікт. Як аказалася, гэта быў адзін з аператыўных супрацоўнікаў. Пасля вобыску, прыкладна ў 11.10, мне абвясцілі аб статусе падазраванай, і мы паехалі ў Мінск. Я настойвала на сваім праве зрабіць званок, на што мне адказалі, што я змагу гэта зрабіць пасля вобыску. Аднак і пасля вобыску мне такую магчымасць не далі", — сказала аглядальнік БелаПАН.

Ночы на 8 і 9 жніўня яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, ад турэмнай ежы адмаўлялася з-за яе агіднага паху, таму ела толькі сухары і тое, што было ў перадачы, атрыманай 8 жніўня ад маці і сябровак.

Падчас першага допыту 7 жніўня Каравянкова адмовілася ад дачы паказанняў, бо не дапусцілі яе адваката, а прапанавалі дзяжурнага. 9 жніўня было два допыты. На першым яна зноў адмовілася адказваць — з-за дрэннага самаадчування, другі допыт адбыўся ў прысутнасці абаронцы, з якім у яе быў заключаны дагавор.

Увечары 9 жніўня былі адпушчаныя на свабоду супрацоўнікі партала tut.by, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, і газеты "Белорусы и рынок".

Тым часам у СК адбываецца допыт галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай. У зняволенні застаецца карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі (з 8 жніўня), яго допыт у Следчым камітэце павінен адбыцца 10 жніўня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН