Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968304_123456/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2018 00:21
10.08.2018 17:02 Грамадства, Палітыка

Журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі адпушчаны са Следчага камітэта

Мінск, 10 жніўня. Затрыманы па "справе БелТА" карэспандэнт радыёстанцыі "Нямецкая хваля" і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі 10 жніўня адпушчаны са Следчага камітэта пасля допыту.

Быкоўскі застаецца ў статусе падазраванага, абвінавачанне супраць яго не вылучалі. Журналіст даў падпіску аб неразгалошванні.

Як сказаў Быкоўскі, яго адвакат падаў скаргу на факт затрымання. "Я не магу паскардзіцца на ціск падчас допытаў. Нічога звышнатуральнага. Умовы ўтрымання ў ІЧУ былі звычайнымі для ізалятара", — адзначыў журналіст.

Яго жонка Вольга Быкоўская сказала журналістам, што Паўлюк быў затрыманы адразу пасля вобыску дома 8 жніўня. Працэдура праводзілася "дастаткова карэктна", але падставы ёй "не зусім зразумелыя". Быкоўская паведаміла, што, акрамя тэхнікі мужа, падчас вобыску таксама канфіскавалі тэхніку ў яе і дачкі журналіста, а таксама банкаўскія карты. "Я планую падрыхтаваць скаргу, каб мне і дачцэ вярнулі тэхніку і карты", — сказала яна.

Быкоўскі быў затрыманы 8 жніўня на 72 гадзіны. Гэты тэрмін заканчваецца ў суботу, 11 жніўня. Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены вобыск з канфіскацыяй электронных носьбітаў інфармацыі.

"Нямецкая хваля" звярнулася да беларускага пасла ў Берліне з патрабаваннем неадкладна вызваліць Быкоўскага. У абарону журналістаў выказалася МЗС Германіі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН