Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968310_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2018 15:02
10.08.2018 17:31 Грамадства, Палітыка

Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына адпушчана на свабоду

Мінск, 10 жніўня. Галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына адпушчана на свабоду вечарам 10 жніўня.
Леўшыну затрымалі 9 жніўня. Яна, як і карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, з`яўляецца падазраванай па крымінальнай справе аб несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК) — так званай справе БелТА.

10 жніўня Ірыну Леўшыну дапытвалі ў Следчым камітэце на працягу дзвюх гадзін, яна працягвае заставацца ў статусе падазраванай і дала падпіску аб неразгалошванні.

Паводле слоў Леўшынай, да яе карэктна ставіліся ў ізалятарах часовага ўтрымання Фрунзенскага РУУС і на Акрэсціна, дзе яна ўтрымлівалася. Скаргаў на ўмовы ўтрымання ў яе няма.

"Як мне сказалі, мяне змясцілі ў найлепшую жаночую камеру з прывілеяваным ложкам. У стаўленні персаналу на ўсіх узроўнях праваахоўных органаў мне падалося, што яны разумеюць усю абсурднасць таго, што адбываецца", — адзначыла Леўшына.

Вечарам 9 жніўня былі адпушчаныя на свабоду супрацоўнікі партала tut.by, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, і газеты "Белорусы и рынок".

Акрамя Ірыны Леўшынай 10 жніўня быў вызвалены карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Павел Быкоўскі (затрыманы 8 жніўня).

Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю, што, "згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, ажыццёўлены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, у ходзе праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўлены шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобыскі. Многія рэдактары і журналісты былі дапытаныя і затрыманыя на розныя тэрміны, некаторыя — на некалькі сутак. У БелаПАН канфіскавана шэсць сістэмных дыскаў камп`ютараў.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН