Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968326_880011/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2018 18:49
10.08.2018 18:25 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка: Нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай "дыктатуры" і аўтарытарызму, за што нас крытыкуюць

Мінск, 10 жніўня. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў вынікі праведзенай рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Пра гэта ён заявіў 10 жніўня, размаўляючы з жыхарамі горада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Пабудавалі палац, інакш не скажаш. Высокія тэхналогіі, выдатная бальніца", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што падобныя цэнтры створаныя ў кожнай вобласці і першапачаткова быў прапанаваны праект па будаўніцтве гэтай бальніцы за горадам, аднак даручыў рэканструяваць і пашырыць гэты комплекс менавіта ў самім абласным цэнтры. "Сёння атрымаўся выдатны квартал з унутраным садзікам", — сказаў ён.

"Не шкада. Гэта для нашых дзяцей. Што яны там робяць... (у плане высокага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання). І гэта ж не ў Мінску ў цэнтры "Маці і дзіця", а ў абласным цэнтры", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Падчас размовы з жыхарамі Гомеля кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на важнасці забеспячэння высокай якасці медыцынскіх паслуг з улікам сучасных экалагічных выклікаў, нават без уліку чарнобыльскай праблематыкі. "Асабліва ў Еўропе, у Расіі, ва Украіне і г. д. Нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай "дыктатуры" і аўтарытарызму, за што нас крытыкуюць, — сказаў Лукашэнка. — Але экалогія пагаршаецца, і дзеці не ўсе нараджаюцца без паталогіі".

Лукашэнка наведаў розныя корпусы і блокі бальніцы, азнаёміўся з узроўнем аказання медыцынскай дапамогі, пагутарыў з медперсаналам і бацькамі маленькіх пацыентаў. Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, патэнцыялу бальніцы дастаткова для якаснага ахопу неабходнай меддапамогай не толькі жыхароў абласнога цэнтра, але і ўсяго рэгіёна. "Галоўнае, каб гэта было аптымальна і мы ахоплівалі дапамогай усіх дзетак. На дзецях эканоміць не будзеш", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў аператыўна вырашыць шэраг арганізацыйных пытанняў, даручыўшы ўзяць іх на кантроль кіраўніцтву Гомельскай вобласці. Асабліва гэта тычыцца ўкамплектавання лячэбнай установы медыцынскім персаналам, якога павінна быць столькі, колькі гэта сапраўды неабходна з улікам наяўнасці ў бальніцы сучаснага абсталявання і тэхналогій. Адпаведна выстаўляюцца і павышаныя патрабаванні да кваліфікацыі медработнікаў. "Трэба лічыць грошы ўсюды і аддаваць туды, дзе яны неабходныя, — на дзяцей траціць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама даручыў аператыўна ліквідаваць і некаторыя недапрацоўкі па аснашчэнні бальніцы самым сучасным абсталяваннем і тэхнікай, частка з якіх пакуль яшчэ не пастаўленыя. "Гэта павінен быць суперцэнтр, і абсталяванне павінна адпавядаць", — заявіў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН