Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/10/968340_558866/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2018 01:26
10.08.2018 20:45 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: У нас цяпер цяжкі перыяд — расіяне паводзяць сябе па-варварску

Мінск, 10 жніўня. Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 10 жніўня "Гомсельмаш", папракнуў Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананні абавязацельстваў у межах Еўразійскага эканамічнага саюза.
"Я хачу захаваць "Гомсельмаш", разумееце? У нас цяпер цяжкі перыяд — расіяне паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас. Публічна пра гэта кажу. Яны проста не хочуць бачыць... Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў межах ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязацельствы не жадаюць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю", — заявіў Лукашэнка. Сюжэт пра гэта паказаны ў выпуску навін тэлеканала СТВ.

"Яны папракаюць амерыканцаў і Захад, што яны такія-сякія, "неканкурэнтную перавагу" — цытую прэм'ера Расіі — ствараюць. А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з прэзідэнтам Расіі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёння існуем і жывем", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што супраць продажу ААТ "Гомсельмаш". "Кантрольны пакет акцый прадаваць я не гатовы, і наўрад ці ў маё прэзідэнцтва гэта здарыцца. Прадпрыемства гэта дзяржаўнае, і кантроль павінен застацца дзяржаўным", — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ведае, да чаго можа прывесці падобная прыватызацыя. "Растсельмаш" даўно прапаноўвае — давайце прыватызаваць, мы гатовыя купіць. Але я не хачу, каб гэты завод ператварыўся ў завод па вытворчасці шасцярэнек", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Адзінае выйсце — якасць. Тады ніхто расійскую тэхніку купляць не будзе, таму што гэта камбайн не расійскі, там ужо імпартны камбайн. Але яны за гэтыя грошы, як мы, жыць не будуць. Яны прададуць камбайн, хай нават па нашай цане там свой, але на запчастках і абслугоўванні распрануць селяніна. Мы гэтага рабіць не павінны і не будзем. Селяніна расійскага ў тым ліку. І гэтым мы можам перасягнуць іх. Гэта наша канкурэнтная перавага: якасць, сумленнасць, прыстойнасць у адносінах да пакупніка", — адзначыў ён.

23 ліпеня адбылася тэлефонная размова прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Лукашэнкі з ініцыятыве расійскага боку. Прэс-служба беларускага прэзідэнта паведаміла, што кіраўнікі дзяржаў сярод іншага абмеркавалі комплекс пытанняў двухбаковага парадку дня, зрабіўшы акцэнт на пашырэнні гандлёвага супрацоўніцтва. Бакі дамовіліся "працягнуць узаемныя намаганні ў інтарэсах захавання пазітыўнай дынамікі ўзаемадзеяння".

Пуцін запрасіў Лукашэнку найбліжэйшым часам наведаць Расію. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў, падчас якой плануецца дэталёва абмеркаваць увесь спектр двухбаковых адносін, можа адбыцца ў Сочы, адзначыла прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Асобную ўвага ў размове Пуцін і Лукашэнка надалі пашырэнню інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцей паміж краінамі — членамі ЕАЭС, абмеркаваўшы таксама шэраг арганізацыйных пытанняў з улікам правядзення 27 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН