Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/11/968396_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:21
11.08.2018 17:18 Палітыка, Грамадства

Рух салідарнасці "Разам" патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць абаронцаў Курапатаў, прафсаюзных лідараў і журналістаў

Мінск, 11 жніўня. Рух салідарнасці "Разам" (не зарэгістраваны ў Беларусі) патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць абаронцаў ўрочышча Курапаты, лідараў незалежных прафсаюзаў і беларускіх журналістаў.

Сойм руху на пасяджэнні 11 жніўня выказаў пратэст "апошнім незаконным дзеянням улад, якія сістэмна праводзяць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці".

Арышты ў пачатку жніўня на 10 сутак сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца і актывіста арганізацыі "Еўрапейская Беларусь" Максіма Вінярскага, а таксама вынясенне штрафаў іншым Абаронцам Курапатаў, лічаць у руху, "засведчылі, што ўлады зацікаўленыя ў існаванні забаўляльнага комплексу ў Курапатах. Такім чынам, здзек з памяці нявінна забітых у часы сталінскіх рэпрэсій грамадзян выкарыстоўваецца для далейшага запалохвання беларускага грамадства".

Арганізацыя патрабуе ад сённяшняга кіруючага рэжыму спынення рэпрэсій супраць абаронцаў Курапатаў і ліквідацыі "ганебнага" забаўляльнага комплексу ва ўрочышчы.

Сведчаннем "магчымых маштабных палітычных рэпрэсій", адзначаецца ў заяве руху, з`яўляецца судовы працэс супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. "Мы патрабуем ад улад спыніць ганебны палітычны спектакль і закрыць крымінальную справу супраць прафсаюза РЭП", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Масавыя затрыманні журналістаў, лічаць у руху, "пазначылі канец" стабільнасці" "апошняй дыктатуры Еўропы"."Ведаючы, якую негатыўную рэакцыю гэта выкліча не толькі ў беларускай грамадзянскай супольнасці, але і ва ўплывовых палітыкаў Захаду, улады пайшлі на гэты крок. Абсурднасць саміх абвінавачанняў не павінна засланіць зачыстку беларускай інфармацыйнай прасторы, якая і так моцна кантралюецца цяперашняй уладай", — гаворыцца ў дакуменце.

Сойм руху салідарнасці салідарны з усімі журналістамі і рэдакцыямі СМІ, якія пацярпелі ад апошніх палітычных рэпрэсій, і патрабуюць ад улад "спыніць здзек з беларускіх журналістаў".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239