Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/12/968429_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:36
12.08.2018 16:28 Грамадства, Палітыка

Рэдактар tut.by Ганна Калтыгіна звярнулася з адкрытым лістом да прэс-службы СК

Мінск, 12 жніўня. Рэдактар навін партала tut.by Ганна Калтыгіна, якая каля двух сутак правяла ў ІЧУ па "справе БелТА", 12 жніўня звярнулася з адкрытым лістом да прэс-службы Следчага камітэта. БелаПАН прыводзіць тэкст ліста цалкам.

"Мой галоўны рэдактар папрасіла мяне напісаць пра ўражанні апошніх дзён. Але мне захацелася напісаць пра іншае. Я хачу звярнуцца з адкрытым лістом да людзей, з якімі я працавала на працягу апошніх гадоў, а дакладней — да прэс-службы Цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Прабачце, "аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь".

Паколькі я, як і большасць маіх калегаў, як з TUT.BY, так і з іншых СМІ, знаходзімся пад падпіскай аб неразгалошванні, апераваць я буду толькі тымі фактамі, якія вы, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, далі самі.

Каб вам было прасцей, я вырашыла сфармуляваць пяць блокаў пытанняў. Вы ж нікому не адмаўляеце ў каментарах. Не адмоўце і мне, будзьце так ласкавыя.

1. Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, пра тое, што я з`яўляюся падазронай, а акрамя таго — затрыманая, я даведалася з вашага рэліза. Яго вы выпусцілі ў раёне 9.20. У Марыны Золатавай і Тані Каравянковай яшчэ ішоў вобшук. Мяне яшчэ нават не дапыталі. Нікому з нас не было абвешчана аб падазрэнні, а пра тое, што мы затрыманыя, даведаліся ўвогуле пасля абеду.

Што гэта было — вы паспяшаліся, ці ўсё было вырашана загадзя — і пра падазрэнні, і пра затрыманне, і следчыя нам хлусілі? Ну не веру, яны вельмі мілыя людзі, не будуць жа яны нас падманваць.

2. Мы не раз з вамі спрачаліся пра фігурантаў вашых рэлізаў. "Юлія Леанідаўна, мы дакладна ведаем, што затрыманы спадар Імярэк, дырэктар прадпрыемства "Якоесь Там".

Колькі разоў ад вас і ад Сяргея Васільевіча я чула гэтую цудоўную фразу, якая засела ў маёй памяці і якая стала лейтматывам нашых шматлікіх гутарак? "Мы не называем прадпрыемства і імя затрыманага, каб не нанесці фінансавую і рэпутацыйную шкоду прадпрыемству". Да гэтага прыпеву звычайна дадаецца яшчэ рэчытатыў "Вы ж разумееце, там людзі працуюць, яны ж ні ў чым не вінаватыя".

А што змянілася ў гэты раз? Ваша прафесійная этыка, пра якую вы мне столькі разоў казалі, стала вельмі гнуткай? Цяпер вы заўсёды будзеце называць і прозвішчы, і прадпрыемствы? Тады выдатна, можна будзе абысціся без дакучлівых шлягераў пра "мы не называем" і "там жа працуюць людзі". А калі ўсё па-ранейшаму, то чаму наша кампанія і БелаПАН, а таксама Марына Золатава, Ганна Калтыгіна і Таццяна Каравянкова сталі выключэннем?

3. Я разумею, карцінка — гэта ўсё. Сюжэт БТ пра "справу БелТА", як і відэа вобшуку ў Марыны Золатавай я паглядзела ўжо пасля таго, як мяне адпусцілі (дарэчы, адпусцілі або вызвалілі — ніяк не зразумею розніцу). Растлумачце мне, прадстаўнікі прэс-службы, якія адказваюць за піяр свайго ведамства, навошта вашыя супрацоўнікі на відэа робяць выгляд, што дастаюць зберажэнні сямейства з шафы? Бо іх адтуль добраахвотна дастаў муж Марыны Золатавай і аддаў вам.

Тады падкажу, трэба было вызваліць стол, раскласці на ім белыя лісты паперы і выкладваць па купюры. Як у відэа пра карупцыянераў. Тады візуальна іх больш, малюнак лепшы.

Акрамя таго, у тым відэа вобшуку, якое вы перадалі выданню "СБ. Беларусь сегодня", паказалі банкаўскія карткі сям`і, буйным планам — з нумарамі. Вы ж працуеце ў Следчым камітэце, хоць бы і ў прэс-службе. Вы ж ведаеце, што можна зрабіць, маючы звесткі карт? Праз некалькі гадзін звесткі карт "замылі", але скрыншоты зрабілі, і магчыма, не толькі мае калегі. Будзе сімвалічна, калі потым з-за гэтага давядзецца распачынаць крымінальную справу, праўда?

4. Вяртаючыся да тэмы сюжэту па беларускім тэлебачанні. Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, што б вы пра мяне падумалі ці што б вы сказалі, калі б я выклала запіс некалькіх нашых з вамі гутарак? Закон бы я не парушыла, вы ж ведаеце, што да вас звяртаюцца па каментары, і размова запісваецца. Да таго ж, я вось не ведала, што мае размовы запісваюцца, але гэта, як аказалася, таксама не парушэнне закона.

Вось публікую я запіс размовы, скажам да або пасля афіцыйнага каментара? Успомніце размовы, якія б вы палічылі за лепшае не выкладаць на ўсеагульны агляд.

Уявілі?

Можа быць, іх калісьці апублікуюць. Дакладна не я — у мяне не такая гнуткая этыка, як у вас, але магчыма тыя, хто запісвае чужыя размовы, — і, магчыма, і вашыя таксама.

5. Ну і апошняе пытанне. Скажыце, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, чаму з 7 па 9 жніўня вы не адказвалі на званкі маіх калегаў з TUT.BY? І на паведамленні ў месэнджарах? Вам было складана зняць трубку і чыста па-чалавечы сказаць: "Тут сітуацыя пастаянна змяняецца, хтосьці ўжо падазроны, хтосьці сведка, вось такі вось сапраўды на допыце, а тая — дакладна на Акрэсціна"? Ваша этыка зноў хітра вывернулася з-пад прынцыпу "не адмаўляем у каментарах"? Ці проста было сорамна?

Я выдатна разумею, што асабіста я з вамі, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, працаваць больш не буду. Асабіста я. І гэта маё рашэнне, а не ваша.

Хачу проста сказаць персанальна вам, Юлія Леанідаўна. Калі я калі-небудзь (і шчыра — не дай Бог!) убачу вас затрыманай у калідорах СК, у асяроддзі операў і АМАПа, то я не памахаю вам прыгожа далонькай.

Бо я ўжо прачытаю загадзя нарыхтаваны рэліз і буду ведаць, што вы падазроная і затрыманая.

Я куплю вам бутэльку вады, шакалад і вільготныя сурвэткі. На Акрэсціна мне іх не хапала.

Ганна Калтыгіна, рэдактар навін партала TUT.BY".

Як паведамлялася, раніцай 7 жніўня Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што "па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў". Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН" , ТАА "ТутБай Медыя". Сёння па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова ", — паведаміла 7 жніўня прэс-служба СК.

У рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7—9 жніўня прайшлі вобшукі. Многія рэдактары і журналісты былі дапытаныя і затрыманыя на розныя тэрміны, некаторыя — на некалькі сутак. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску аб неразгалошванні.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239