Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/13/968468_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:08
13.08.2018 16:30 Эканоміка, Грамадства

Міністэрствы сувязі Беларусі і Расіі абмеркавалі пытанні адмены роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве

Мінск, 13 жніўня. Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі абмеркавалі пытанне адмены роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве, паведамляе сайт Мінсувязі Беларусі. Сумеснае пасяджэнне калегій двух ведамстваў адбылося 10 жніўня ў Смаленску.

Галіновыя міністэрствы "нацэленыя на канструктыўнае ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх аператараў электрасувязі для вырашэння гэтага пытання", гаворыцца ў паведамленні.

На пасяджэнні адзначана, што адзін са спосабаў вырашэння пастаўленай задачы — гарманізацыя тарыфаў на роўмінг. Практычная рэалізацыя пытання запатрабуе ўдзелу ўсіх гульцоў рынку: аператараў электрасувязі, галіновых міністэрстваў. Плануецца, што далейшая праца будзе праводзіцца па плане дзеянняў, ухваленым сумеснай калегіяй і замацаваным у дарожнай карце.

"Станоўчым вынікам работы ў гэтым напрамку чакаецца зніжэнне тарыфаў на паслугі сувязі ў роўмінгу для абанентаў, эканомія сродкаў спажыўцоў, павелічэнне дзелавой і турыстычнай актыўнасці", — адзначыла прэс-служба Мінсувязі Беларусі.

Акрамя таго, падчас сумеснага пасяджэння бакі разгледзелі шэраг актуальных пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, у ліку якіх пытанні кірунку ўзаемадзеяння ў межах лічбавай праблематыкі, перспектыў супрацоўніцтва ў галіне спадарожнікавай каардынацыі сетак і абмену вопытам па пытаннях ажыццяўлення радыякантролю, закупак праграмнага забеспячэння.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239