Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/13/968484_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:30
13.08.2018 15:27 Грамадства, Палітыка

Харасці: Пераследы СМІ ў Беларусі накіраваныя на знішчэнне рэшткаў журналісцкай незалежнасці

Мінск, 13 жніўня. Хваля аблаў і адвольных затрыманняў "ў дачыненні да незалежных выдаўцоў і журналістаў у Беларусі дэманструе дзеянне новых нормаў, якія абмяжоўваюць дзейнасць СМІ ў інтэрнэце", заявіў спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці. Тэкст яго заявы апублікаваны на сайце ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Харасці перасцярог улады Беларусі ад прымянення карных мер у дачыненні да журналістаў. "Дадзеныя дзеянні накіраваныя на знішчэнне рэшткаў журналісцкай незалежнасці ў Беларусі і з`яўляюцца следствам новых рэпрэсіўных законаў, прынятых у чэрвені ў дачыненні да незалежных СМІ ў інтэрнэце", — заявіў ён.

Спецдакладчык нагадвае, што 7 і 8 жніўня "ўлады абшукалі памяшканні і блакавалі дзейнасць некалькіх незалежных СМІ, сярод якіх апынуўся інтэрнэт-партал tut.by і адзінае незалежнае агенцтва навін у Беларусі БелаПАН".

Харасці адзначыў, што былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава і журналісты партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна і Галіна Уласік. "Рэпарцёр БелаПАН Таццяна Каравянкова таксама была затрыманая. Супрацоўнікам гэтых СМІ было адмоўлена ў доступе да сваіх офісаў", — падкрэсліў ён.

Харасці выказаў асаблівую занепакоенасць арыштам Каравянковай, якая "рэгулярна паведамляла пра высновы спецдакладчыка аб сітуацыі ў Беларусі і надавала ўвагу занепакоенасці праваабарончых механізмаў ААН сітуацыяй у Беларусі".

Вобшукі і арышты, падкрэсліў прадстаўнік ААН, праводзіліся на падставе меркаванага парушэння Крымінальнага кодэкса, які крыміналізуе незаконны доступ да лічбавай інфармацыі, здольны мець вынікам значны ўрон. "Тое, што мы бачым, на жаль, з`яўляецца звычайнай фальсіфікацыяй крымінальных абвінавачванняў у дачыненні да незалежных журналістаў. Магчыма, журналісты проста час ад часу выкарыстоўвалі паролі адзін аднаго для доступу да навінавых службаў дзяржаўнага агенцтва навін БелТА. Заява аб "значнай шкодзе" крывадушная, улічваючы, што БелТА атрымлівае дастатковае фінансаванне ад падаткаплацельшчыкаў і нават частка іх даходаў не забяспечваецца падпіскамі", — мяркуе Харасці.

"Імкненне прымусіць замаўчаць апошнюю крыніцу інфармацыі аб праблемах з правамі чалавека для жыхароў Беларусі з`яўляецца асабліва абуральным у святле заяў урада аб супрацоўніцтве з ААН", — падкрэсліў ён.

"На шостым годзе ажыццяўлення майго мандата сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі фактычна пагаршаецца. Міжнародная супольнасць павінна зараз стаць больш пільнай у дачыненні да лёсу тых, хто інфармуе грамадскасць", — сказаў на заканчэнне Харасці.

Адзначаецца, што заява ўхваленая спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвідам Кае.

Мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне беларускі бок не прызнае. Аднак 6 ліпеня мандат спецдакладчыка прадоўжаны яшчэ на год.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239