Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/13/968509_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:44
13.08.2018 16:24 Грамадства

Мінская міліцыя не пажадала абмяркоўваць пытанні ўзаемаадносінаў сваіх супрацоўнікаў з журналістамі

Мінск, 13 жніўня. Сталічная міліцыя адхіліла прапанову Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў узаемаадносін супрацоўнікаў праваахоўных органаў з прадстаўнікамі медыяў у святле шэрагу заканадаўчых зменаў, якія тычацца ўмоў працы прэсы, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Кіраўніцтва асацыяцыі журналістаў у ліпені звярнулася з прапановай аб сустрэчы да намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Андрэя Любімава. Прысланы са сталічнай міліцыі адказ на імя старшыні БАЖ Андрэя Бастунца датаваны 8 жніўня.

У сваім лісце Любімаў адзначыў, што асвятленнем працы мінскай міліцыі ў СМІ займаецца аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама. Гэты аддзел займаецца "арганізацыяй інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці ГУУС і яго структурных падраздзяленняў", а таксама пастаянным "удасканаленнем і ўмацаваннем сувязяў з грамадскасцю".

Паводле яго слоў, супрацоўнікі аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў строга кіруюцца патрабаваннямі законаў аб органах унутраных спраў, аб сродках масавай інфармацыі, аб масавых мерапрыемствах, а таксама "іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, у якіх вызначаныя правілы ўзаемадзеяння праваахоўных органаў з журналістамі".

"Названыя ў вашым звароце прычыны — унясенне зменаў у нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь, якія датычацца дзейнасці журналістаў, а таксама ўсталяванне ўзаемавыгадных адносін паміж ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і ГУУС Мінгарвыканкама — не з'яўляюцца падставай для правядзення згаданай вамі сустрэчы", — падкрэсліў Любімаў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239