Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/15/eu_968739_447856/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:54
15.08.2018 11:46 Спорт, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Прэзідэнт Нямецкага алімпійскага спартыўнага саюза не выключыў байкот Еўрагульняў у Мінску з-за пераследу журналістаў

Мінск, 15 жніўня. Прэзідэнт Нямецкага алімпійскага спартыўнага саюза (спадчыннік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Германіі з 2006 года) Альфонс Хёрман не выключыў байкоту II Еўрапейскіх гульняў у Мінску з-за пераследу журналістаў.
У інтэрв`ю праграме Нямецкага радыё "Спорт у нядзелю" Хёрман заявіў, што яго арганізацыя з самага пачатку выступала супраць перадачы Мінску права праводзіць гэтыя спаборніцтвы. Кіраўнік саюза назваў непрымальным затрыманне журналістаў, і, паводле яго слоў, калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, байкот Еўрагульняў "не выключаны".

У той жа час Хёрман падкрэсліў, што байкот можа паставіць пад пагрозу ўдзел шэрагу спартсменаў у Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа, бо ў некаторых відах спорту на Еўрагульнях будуць размяркоўвацца алімпійскія ліцэнзіі. Прыняць правільнае рашэнне аб удзеле альбо няўдзеле нямецкіх спартсменаў у Еўрапейскіх гульнях будзе вельмі складана, сказаў кіраўнік алімпійскага саюза Германіі.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21—30 чэрвеня 2019 года.

Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што "згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)".

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

У рэдакцыях БелаПАН, tut.by, realt.by і іншых СМІ прайшлі вобыскі. Многія рэдактары і журналісты былі дапытаныя і затрыманыя на розныя тэрміны, некаторыя — на некалькі сутак. У БелаПАН канфіскаваныя шэсць сістэмных дыскаў камп`ютараў. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН