Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/16/968927_854796/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:06
16.08.2018 11:50 Грамадства, Палітыка, Эканоміка

Раманчук: ДзяржСМІ актыўна выкарыстоўваюць усе інструменты для раскрыцця сваёй манапалістычнай улады

Мінск, 16 жніўня. Член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Яраслаў Раманчук прапануе ацаніць прывілеі дзяржаўных СМІ Беларусі ў галіне доступу да інфармацыі з пункта гледжання антыманапольнага заканадаўства.
Як паведаміў эканаміст у "Фэйсбуку", ён накіраваў у савет прапанову "Аб роўнасці ўмоў гаспадарання, справядлівай канкурэнцыі на рынку інфармацыі".

Раманчук падкрэсліў, што артыкул 13 Канстытуцыі дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці. Акрамя гэтага Асноўны закон Беларусі абавязвае дзяржаву гарантаваць "усім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці".

Паводле яго слоў, закон "Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі" дакладна вызначае паняцці канкурэнцыі і манапалістычнай дзейнасці. Беларускае заканадаўства, адзначыў эканаміст, забараняе розныя формы нядобрасумленнай канкурэнцыі.

"У сучаснай эканоміцы рынак інфармацыі, аналітыкі, кантэнт СМІ (відэа, друкаваная прадукцыя, аўдыя) з`яўляецца неад`емнай часткай камерцыйнай дзейнасці. Вытворчасць, распаўсюджванне тавару "інфармацыя", інфармацыйна-аналітычных паслуг павінны падпарадкоўвацца адзіным правілам і прававым нормам, якія гарантуюць свабоду канкурэнцыі ўсім суб`ектам гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці, процідзеянне манапалістычным дыскрымінацыйным практыкам, прававую адказнасць за свае дзеянні", — лічыць аналітык.

Ён перакананы, што з улікам асаблівых характарыстык інфармацыі як прадукту "крытычна важна забяспечыць выкананне артыкула 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі на рынку гэтага тавару і паслуг". "Рэжым адкрытай, сумленнай канкурэнцыі на рынку інфармацыі, аналітыкі і кантэнту з`яўляецца неад`емнай часткай сістэмы грамадскага, грамадзянскага і парламенцкага кантролю за якасцю сістэмы дзяржаўнага кіравання ў цэлым, так і за выкананне Закона ўсімі органамі дзяржаўнай улады, бізнесу і грамадзянскай супольнасці. Шырокае распаўсюджванне дыскрымінацыйных практык у гэтым сегменце эканомікі павялічвае рызыкі распаўсюджвання карупцыйных практык, злоўжыванняў уладай, зніжэння якасці дзяржаўнага кіравання, нядобрасумленнай канкурэнцыі на рынку тавараў і паслуг, а таксама павялічвае рызыкі эрозіі нематэрыяльных актываў добрасумленных камерцыйных арганізацый і дзяржавы", — гаворыцца ў прапанове.

Раманчук падкрэслівае, што беларускі рынак інфармацыі, кантэнту і аналітыкі характарызуецца небяспечнымі праявамі дыскрымінацыйных, манапалістычных практык з боку дзяржаўных вытворцаў, якія фактычна працуюць у межах адзінага дзяржаўнага холдынга пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі. "Мае месца грубы канфлікт інтарэсаў, калі ў адным органе дзяржаўнага кіравання канцэнтруюцца функцыі заканадаўцы, рэгулятара, ліцэнзіяра, камерсанта, фінансіста і кантралёра. Кампанія-кіраўнік холдынга "Дзяржаўныя СМІ", яе ключавыя вытворцы (БелТА, БТ/ОНТ/СТВ, "СБ" і іншыя) актыўна выкарыстоўваюць фінансавыя, адміністрацыйныя, рэгулятарныя і бюракратычныя інструменты для раскрыцця сваёй манапалістычнай ўлады, што вядзе да дыскрымінацыі прыватных вытворцаў інфармацыі/кантэнту і аналітыкі", — лічыць эксперт.

У выніку, прыходзіць да высновы Раманчук, дзяржаўныя вытворцы інфармацыі маюць нярынкавыя перавагі і на рынку рэкламы. "З дапамогай такіх інструментаў, як акрэдытацыя на мерапрыемствы, што праводзяцца рознымі органамі дзяржкіравання, доступ да стэнаграмы пасяджэнняў органаў дзяржкіравання, да фінансавых паказчыках адкрытых акцыянерных таварыстваў, да працэсу абмеркавання і прыняцця актаў заканадаўства, арэнда памяшканняў, умовы доступу да друкарняў, тэлебачання і радыё, адбываецца дыскрымінацыя прыватных суб`ектаў камерцыйнай дзейнасці на рынку інфармацыі, кантэнту і аналітыкі", — мяркуе член савета.

На яго думку, стан пагаршаецца выбіральным бюджэтным датаванне дзяржаўных вытворцаў на гэтым рынку. "У выніку мае месца сітуацыя, калі грошы падаткаплацельшчыкаў ідуць на вытворчасць інфармацыі, кантэнту і аналітыкі для ўсіх грамадзян і суб`ектаў гаспадарання як грамадскага дабра, а асобныя дзяржаўныя вытворцы інфармацыі прысвойваюць сабе гэтую інфармацыю, кантэнт з мэтай перапродажу сваім прыватным канкурэнтам на рынку інфармацыі і інфармацыйна-аналітычных паслуг, а таксама для манетызацыі сваіх нярынкавых пераваг на рынку. Да таго ж прыватныя камерцыйныя арганізацыі не могуць прэтэндаваць на бюджэтныя датацыі, льготныя стаўкі па арэндзе памяшканняў, а таксама на гарантаванае атрыманне рэкламных кантрактаў з дзяржаўнымі суб`ектамі гаспадарання", — піша Раманчук.

Ён падкрэслівае, што дзяржаўныя СМІ валодаюць істотнай нярынкавай перавагай, маючы прыярытэтны, эксклюзіўны доступ да ньюсмейкераў розных узроўняў, кіраўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання і камерцыйных арганізацый. "Такім чынам, на рынку інфармацыі, кантэнту і аналітыкі маюць месца сістэмныя грубыя парушэнні закона "Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі". У краіне ў гэтым сегменце эканомікі створаныя адміністрацыйна-прававыя ўмовы, якія блакуюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь рэалізацыю іх канстытуцыйных правоў, у прыватнасці тых, што вынікаюць з артыкула 13 Асноўнага закона краіны", — падкрэслівае эксперт.

Раманчук прапануе Савету па развіцці прадпрымальніцтва разгледзець гэтае пытанне, запытаць у МАРГ ацэнку стану канкурэнтнага поля, у Беларускай асацыяцыі журналістаў — ацэнку стану рынку вытворцаў інфармацыі з пункта гледжання захавання правоў чалавека, а таксама нормаў і стандартаў АБСЕ, Савета Еўропы, міжнародных стандартаў функцыянавання рынку.

На яго думку, неабходна таксама прыцягнуць Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт і Камітэт дзяржбяспекі для ацэнкі стану інфармацыйнага рынку і выкладання "аргументаў і фактаў, якія сталі асновай распачынання крымінальных спраў супраць прадстаўнікоў прыватных камерцыйных арганізацый".

Акрамя таго, эканаміст прапануе рэкамендаваць ураду ўнесці змены ў акты заканадаўства, якія рэгулююць рынак вытворчасці інфармацыі, для ліквідацыі манапалістычных, дыскрымінацыйных практык, ліквідацыі канфлікту інтарэсаў (падзел функцый рэгулятара, вытворцы, ліцэнзіяра і кантралёра). Ён таксама лічыць неабходным стварыць умовы для давання інфармацыі органамі дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнымі камерцыйнымі арганізацыямі ўсім вытворцам інфармацыі і аналітыкі незалежна ад формы ўласнасці.

Раніцай 7 жніўня Следчы камітэт Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што "згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)". Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла "паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелТА" аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў". Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца "БелТА".

У рэдакцыях БелаПАН, tut.by, realt.by і іншых СМІ прайшлі вобыскі. Многія рэдактары і журналісты былі дапытаныя і затрыманыя, некаторыя — на некалькі сутак. У БелаПАН канфіскаваныя шэсць сістэмных дыскаў камп`ютараў. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і ЗША.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239