Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/16/968932_112233/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:24
16.08.2018 12:23 Грамадства, Палітыка

Вярхоўны суд пакінуў без змены прысуд экс-фігуранту справы "Белага легіёну" Андрэю Бяляўскаму за захоўванне патрона

Мінск, 16 жніўня. Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі экс-фігуранту справы "Белага легіёну" Андрэю Бяляўскаму за захоўванне патрона і пакінуў першапачатковы прысуд у сіле, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Бяляўскі атрымаў па пошце адказ за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча, у якім сказана, што вынікі суда першай інстанцыі аб вінаватасці Бяляўскага "адпавядаюць фактычным абставінам справы, з'яўляюцца правільнымі і па сутнасці не аспрэчваюцца ў скарзе". Довады аб празмернай строгасці і неадэкватнасці ўчынку прызначанага пакарання Вярхоўны суд палічыў неабгрунтаванымі.

Такім чынам, усе сродкі ўнутранай абароны па справе за захоўванне патрона ў былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў вычарпаныя, адзначаюць праваабаронцы.

Бяляўскі, абвінавачаны ў захоўванні дома патрона да аўтамата Калашнікава, прыгавораны да года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і без канфіскацыі маёмасці (так званая дамашняя хімія). Рашэнне вынес 12 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска.

Патрон знайшлі аператыўныя супрацоўнікі падчас вобыску ў доме Бяляўскага вясной 2017 года, калі ён стаў фігурантам "справы патрыётаў". Бяляўскага затрымалі 28 сакавіка 2017 года і абвінавацілі на падставе ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). 2 чэрвеня яго адпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. У тым жа месяцы справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, распачатая напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, была спыненая, а другая распачатая крымінальная справа (аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання) — перададзеная з КДБ у Следчы камітэт. 27 лістапада СК спыніў справу аб узброеным фармаванні ў сувязі з тым, што, як было ўстаноўлена, дзеянні фігурантаў не былі скіраваныя на гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу. Крымінальная справа па факце знойдзенага ў Бяляўскага патрона была распачатая ў пачатку снежня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239