Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/18/969199_969200/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:35
18.08.2018 12:56 Грамадства

Падраздзяленні УСК па Мінску расследуюць крымінальныя справы, у якіх фігуруюць лічбавыя валюты

Мінск, 18 жніўня. Падраздзяленні ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску расследуюць крымінальныя справы, у якіх фігуруюць лічбавыя валюты.

"Зламыснікі не адстаюць ад трэндаў, іх інтарэсы карэктуюцца ва ўнісон з развіццём тэхналогій. Крыптавалюта стала не толькі тэмай для гарачых спрэчак спецыялістаў, але і аб'ектам злачыннага замаху альбо прынадай, якую выкарыстоўваюць ашуканцы. Падобныя прыклады апошнім часам рэгулярна фіксуюцца сталічнымі следчымі", — паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта.

Кастрычніцкім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа ў дачыненні да 21-гадовага жыхара Барысава на падставе ч. 3 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры). Устаноўлена, што мужчына размясціў у інтэрнэце аб'яву аб продажы крыптавалюты, на якую адгукнуўся жыхар Гродна, пагадзіўшыся купіць яе за 14 тыс. рублёў. Яны дамовіліся пра асабістую сустрэчу ў сталіцы, падчас якой "прадавец" прадэманстраваў мабільную праграму, што імітуе залічэнне крыптавалюты на рахунак. Пацярпелы паверыў у рэальнасць здзелкі і перадаў вышэйзгаданую суму наяўных грошай. Калі пакупнік вярнуўся ў Гродна, ён выявіў, што ніякага пераводу не здзяйснялася, а прадэманстраваная праграма працавала ў тэставым рэжыме. Меры, прынятыя пацярпелым па ўсталяванні сувязі з "прадаўцом", поспеху не прынеслі. У межах расследавання канфіскаваны мабільны тэлефон для даследавання спосабу здзяйснення злачынства.

У снежні 2017 года — студзені 2018-га неўстаноўленая асоба з карыслівай зацікаўленасці ажыццявіла несанкцыянаваны доступ да мультыкашалька крыптавалют, што належыць 44-гадоваму жыхару Мінска. У выніку выкрадзеныя грашовыя сродкі (крыптавалюты) на агульную суму ў эквіваленце больш за 6,3 тыс. рублёў. Па факце злачынства Заводскім (Мінска) раённым аддзелам СК распачатая справа паводле ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з карыслівай зацікаўленасці).

Следчы камітэт звяртае ўвагу на неабходнасць асцярожнага стаўлення да прапаноў аб куплі/продажы крыптавалют, улічваючы абмежаваную распаўсюджанасць і асаблівасці іх заканадаўчага рэгулявання ў Беларусі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН