Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/18/969210_445566/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:30
18.08.2018 13:15 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада, прэм`ер-міністрам прызначаны Румас

Мінск, 18 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня змяніў кіраўніцтва ўрада: замест Андрэя Кабякова прэм`ер-міністрам Беларусі прызначаны Сяргей Румас, які да цяперашняга часу ўзначальваў Банк развіцця, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Першым намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Аляксандр Турчын, да цяперашняга часу кіраўнік апарату Савета міністраў.

Намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Ігар Ляшэнка. "Ён знаходзіцца ў камандзіроўцы, ён у курсе справы. Будуць курыраваць пытанні, якімі займаўся Уладзімір Сямашка", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Да цяперашняга часу Ляшэнка ўзначальваў канцэрн "Белнафтахім".

Намеснікам прэм`ер-міністра таксама прызначаны Уладзімір Кухараў. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні КДК. "Ён будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту. Гэта аснова. А далей вам вызначаць ва ўрадзе, як вы размяркуеце гэтыя абавязкі", — адзначыў Лукашэнка.

Акрамя таго, намеснікам прэм`ер-міністра прызначаны Ігар Петрышэнка, які да гэтага быў паслом Беларусі ў Расіі. Ён будзе адказваць за сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт.

Міністрам архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Дзмітрый Мікулёнак, міністрам прамысловасці — Павел Уцюпін. "Ведаеце сферу. Вы там, па-мойму, гадоў пяць прапрацавалі. І вельмі добра, што вы папрацавалі і ў Міністэрстве эканомікі. Для вашай будучай працы гэта проста выдатна", — адзначыў афіцыйны лідар.

Міністрам сувязі і інфарматызацыі прызначаны Канстанцін Шульган. "Чалавек дысцыплінаваны, ваенны, які вельмі добра ведае гэтую сферу, і асабліва перспектыву развіцця, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стварэннем вялікай удзельнай вагі ў сферы IT", — ахарактарызаваў новага міністра кіраўнік дзяржавы.

Міністэрства эканомікі ўзначаліць Дзмітрый Крутой. "Вельмі б хацелася, каб Міністэрства эканомікі (вы гэтую арганізацыю добра вывучылі) набыло новае дыханне і было прыстасаванае да новых рэалій. Гэта вельмі важна", — сказаў Лукашэнка.

Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Раман Галоўчанка. "Вы там працавалі, добра ведаеце гэтую сферу. Вельмі добра, што вы папрацавалі на пасадах пасла ў розных краінах. Усё астатняе для таго, каб працаваць у ВПК, у вас ёсць", — сказаў Лукашэнка.

Даведка БелаПАН. Сяргей Румас нарадзіўся 1 снежня 1969 года ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча па спецыяльнасці "фінансавае забеспячэнне войскаў", у 1995 годзе — Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Беларусі па спецыяльнасці "арганізацыя і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасці". Кандыдат эканамічных навук.

Прафесійны банкір. Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР, затым у камерцыйных банках, пакуль не перайшоў у "Беларусбанк".

22 верасня 2005 года Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Румаса старшынёй праўлення ААТ "Белаграпрамбанк".

У 2010—2012 гадах быў намеснікам прэм`ер-міністра, са жніўня 2012 года — старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".

З красавіка 2011 года — старшыня Беларускай федэрацыі футбола.

Андрэй Кабякоў узначальваў урад з 27 снежня 2014 года. На гэтай пасадзе ён змяніў Міхаіла Мясніковіча, які быў адпраўлены ў адстаўку, а пазней узначаліў Савет Рэспублікі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН