Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/18/969222_456987/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 06:00
18.08.2018 14:46 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка пра адстаўкі ва ўрадзе: Справа не толькі ў Оршы — гэта апошняя кропля, якая перапоўніла чашу цярпення

Мінск, 18 жніўня. Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 18 жніўня новае кіраўніцтва ўрада і міністэрстваў, растлумачыў, чым выкліканыя жорсткія кадравыя рашэнні пасля наведвання Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

"Калі я прымаў рашэнні ў Оршы, многія або асобныя ў грамадстве гэта ўспрынялі як нейкае спантаннае рашэнне. А некаторыя так падумалі, што, магчыма, не варта было за адно мерапрыемства Аршанскага рэгіёна так жорстка крытыкаваць урад. Дык вось я хачу сказаць: справа не толькі ў Оршы. Гэта апошняя кропля, якая перапоўніла чашу цярпення. Галоўнае — у глыбіні. І вы, людзі недалёкія ад урада (а некаторыя працавалі ў гэтых пасадах, хай не на першых ролях), разумееце, што не можа быць ніякіх рознагалоссяў і розначытанняў у правядзенні курсу развіцця нашай краіны", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі ўзяты пэўны курс. "Згодна з Канстытуцыяй краіны прэзідэнт у сваёй перадвыбарчай праграме апавяшчае гэты курс. І людзі зыходзячы з гэтага галасуюць. І нікому не дазволена падманваць людзей", — падкрэсліў Лукашэнка.

"А ў нас ва ўрадзе, не буду называць прозвішчы, было так: давайце мы вось курс гэты заявім, а потым будзем праводзіць іншы курс (у іншых жа краінах так робіцца). Так у мяне ніколі не было і не будзе! Тое, што мы людзям абяцалі, а ўрад быў створаны менавіта пад гэты курс, — той курс павінен і праводзіцца. І галоўнае ў нашай палітыцы — народ. Гэта ніякі не папулізм. Я заўсёды гэта казаў і кажу. У іншым выпадку нам у гэтай краіне рабіць няма чаго. Людзі — гэта галоўнае", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён падкрэсліў, што дысцыпліна, прыстойнасць, згуртаванасць, сістэма ўлады, жорсткасць яе, нацэленая на дысцыпліну і прафесіяналізм, — гэта фактар незалежнасці краіны. "Таму другі напрамак — гэта незалежнасць, забеспячэнне гэтай незалежнасці. Мы будзем незалежнымі, калі ў нас эканоміка будзе развівацца так, як належна. Калі мы абвалім эканоміку, ніякай незалежнасці быць не можа. Ніякія хлуслівыя словы не выратуюць нас ад разбурэння", — сказаў Лукашэнка.

На нарадзе 14 жніўня, прысвечанай развіццю Аршанскага раёна, Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу ўрада. Ён даручыў унесці прапановы аб заменах ва ўрадзе, знайсці замену старшыні Аршанскага райвыканкама.

Паводле вынікаў нарады Анатоль Чорны і Віталь Воўк былі вызваленыя ад пасад міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасці адпаведна. Строгая вымова абвешчаная старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву. Дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алег Двігалёў былі папярэджаныя аб няпоўнай службовай адпаведнасці. Старшыня Аршанкага райвыканкама Аляксандр Пазняк быў вызвалены ад пасады.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН