Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/18/969225_577896/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:36
18.08.2018 15:17 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Кіраўнік дзяржавы расказаў пра прычыны звальнення кіраўнікоў урада

Мінск, 18 жніўня. Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 18 жніўня новае кіраўніцтва ўрада і міністэрстваў, расказаў пра прычыны звальнення чыноўнікаў.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка ў прыватнасці адзначыў, што некаторыя ва ўрадзе пачалі разумець гэта па-іншаму, маўляў, давайце хутчэй прыватызуем дзяржаўную ўласнасць, хутчэй распрададзім. "І прытым ніхто не супраць прыватызацыі. Было дакладна мною вызначанае. Па кожным прадпрыемстве, малым або вялікім, па працоўных калектывах — там людзі жывуць і працуюць — мы павінны вызначацца, перш чым прадаваць акцыі гэтага прадпрыемства", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У тым ліку трэба вызначацца, на якіх умовах прыйдуць новыя інвестары, што будзе з прадпрыемствам і яго работнікамі.

"Ці выкінуць яны палову на вуліцу людзей, як некаторыя прыходзяць да мяне інвестары і кажуць, што такая колькасць не патрэбная: "мы гэтых звальняем, пакідаем з буйной кампаніі кукіш, як у народзе кажуць". Такая прыватызацыя ў Беларусі не пройдзе, такая прыватызацыя нам не патрэбная", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Мы што, хочам пайсці па шляху нашых суседзяў? Дык яны ўжо асудзілі падобную прыватызацыю, якая праводзілася ў 1990-х", — указаў ён.

Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі быў вызначаны курс на паступовую мадэрнізацыю і ўдасканаленне таго, што ёсць. "А тое, што ў нас ёсць сёння, вырабляе тое, што запатрабаванае на рынку. Дык чаму ад гэтага адмаўляцца?" — запытаўся кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў у прыклад сельскую гаспадарку, адносна якой раней казалі, што ў гэтую сферу дарма ўкладваюцца сродкі: "Сёння ўсе кажуць: ведаеце, сельская гаспадарка выратавала краіну. Комплексы малочна-таварныя будавалі, перараблялі дапатопныя фермы. Сёння ўсе кажуць: малочка — гэта золата. Гэта не мае словы, гэта словы спецыялістаў".

Аналагічная сітуацыя і ў выпадку мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны. "Сёння яны асноўны драйвер развіцця нашай эканомікі. Па-мойму, 124-125% росту да ўзроўню мінулага года паказваюць", — сказаў Лукашэнка.

"Вось такая паступовая спакойная мадэрнізацыя павінна быць. І калі ўжо давядзецца нешта прадаваць з сельскай гаспадаркі або дрэваапрацоўкі, цана гэтым прадпрыемствам будзе значна вышэйшая", — заявіў ён.

"Але самае галоўнае — з першых сваіх крокаў, будучы прэзідэнтам, яшчэ зялёным прэзідэнтам у тыя гады, дакладна было сказана: ніякай шокавай тэрапіі, ніякіх шокаў быць не павінна. Таму што шок — гэта рэзаць па жывым людзей. Я на гэта ніколі не згаджаўся і ніколі не пайду. Рэзаць па жывым нікому ў Беларусі не дадзена. У нас, па-першае, людзі іншыя, якія прывыклі да сумленнасці і справядлівасці. Яны такую палітыку не ўспрымуць. Не, ва ўрадзе не так, дык гэтак трэба агулам праціснуць гэты шок. І мне давялося пастаянна абсякаць ўрад", — сказаў Лукашэнка.

У той жа час даручэнне ўраду дасягнуць хоць бы тысячу рублёў сярэдняй зарплаты па краіне "ў іх наогул выклікала паніку, што гэта недапушчальна", заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Аказваецца, дапушчальна. Нават пры тым курсе, які яны спрабавалі ўцюхаць нам у Беларусі. Але колькі крыві папсавалі для таго, каб (асабіста мне давялося гэта рабіць) пераканаць урад, што людзі хоць бы няшчасных тысячу рублёў сярэднюю зарплату ў краіне павінны мець. Што трэба падцягнуць сёлета самыя нізкааплатныя пласты (нянечкі ў дзіцячых садах, медсёстры і нянечкі ў бальніцах, якія носяцца з дзецьмі і з намі, калі мы захварэем, людзі культуры, сацыяльнага абслугоўвання). Іх трэба сёння падцягваць вышэй. Адны фармулёўкі: "мы не можам", "мы не павінны", "абваліцца курс", "абваліцца краіна", "абрынецца ўсё", — працягнуў ён.

"Добра, я прапанаваў альтэрнатыву. Давайце тады разам з вамі будзем мець тую зарплату, якую маюць гэтыя няшчасныя нянечкі", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на гэтую прапанову была наступная рэакцыя: "Ды не, ва ўрадзе гэта немагчыма, трэба менеджарам ва ўрадзе падымаць заработную плату, і чым вышэй, тым лепш яны будуць працаваць. Дык што ж гэта за справядлівасць?" — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН