Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/21/969451_969452/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:10
21.08.2018 10:31 Грамадства

Прыгавораны да пакарання смерцю фігурант справы "чорных рыэлтараў" спыніў галадоўку

Мінск, 21 жніўня. Прыгавораны да пакарання смерцю жыхар Магілёва Ігар Гершанкоў спыніў галадоўку, якую ён трымаў у СІЗА № 1 Мінска, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Маці смяротніка Людміла Гершанкова атрымала ліст ад сына. "Наколькі я зразумела, ён скончыў галадоўку, калі атрымаў пасля двух месяцаў чакання адказ з Генеральнай пракуратуры на сваю скаргу аб катаваннях падчас следства па сваёй справе. Цяпер ён яшчэ чакае адказ на скаргу ад дэпартамента выканання пакаранняў", — цытуюць яе праваабаронцы.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры ўчыненні забойства і пры выкраданні чалавека. Беражнога і Ігара Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

20 снежня 2017 года Вярхоўны суд пакінуў без змены прыгаворы фігурантам справы, а іх апеляцыйныя скаргі і скаргі іх абаронцаў — без задавальнення. 14 чэрвеня 2018 года стала вядома, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному на час разгляду іх наглядных скаргаў.

27 чэрвеня Гершанкоў пачаў галадоўку пратэсту з-за перашкоды ў перапісцы, у якой ён абвінавачваў адміністрацыю СІЗА.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239