Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/21/eu_969457_969458/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:42
21.08.2018 12:01 Грамадства

У Полацкім раёне распачата крымінальная справа ў дачыненні да двух грамадзян Латвіі, якія незаконна экспартавалі неапрацаваную драўніну

Мінск, 21 жніўня. Наваполацкі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў сумесна з Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці выявіў крымінальныя факты рэалізацыі на экспарт неапрацаванай драўніны, паведаміла прэс-служба КДК.

Устаноўлена, што два браты, грамадзяне Латвіі, зарэгістравалі ў Полацкім раёне таварыства з абмежаванай адказнасцю з мэтай гандлю драўнінай на экспарт у Латвію. Свой бізнес яны арганізавалі ў абыход устаноўленых беларускім заканадаўствам забарон.

Так, з парушэннем правілаў рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку Беларусі з 27 студзеня па 14 кастрычніка 2016 года яны рэалізавалі ў Латвію ў адрас афіляванай юрыдычнай асобы 2.233 кубаметры піловачнага бервяна.

Перавозка драўніны ў Латвію ажыццяўлялася аўтамабільным транспартам. Усяго было адпраўлена на экспарт 63 лесавозы з піловачным бервяном.

У наступным драўніна перапрадавалася на тэрыторыі Еўрасаюза, выкарыстоўвалася прадпрыемствамі-пакупнікамі ў якасці сыравіны для вырабу піламатэрыялаў, гатовай прадукцыі.

Сабраныя дзяржкантралёрамі і работнікамі фінансавай міліцыі матэрыялы былі накіраваныя ў Полацкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. У дачыненні да грамадзян Латвіі (дырэктара і заснавальніка) была распачатая справа па ч. 1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) Крымінальнага кодэкса.

У дачыненні да аднаго з братоў раней была распачатая і цяпер расследуецца крымінальная справа па факце невяртання валюты з-за мяжы пры рэалізацыі драўніны на экспарт.

На маёмасць фігурантаў накладзены арышт у мэтах кампенсацыі ў бюджэт незаконна атрыманага даходу.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239