Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/22/969614_969615/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:45
22.08.2018 10:25 Грамадства

У Гродне вынесены прысуд па забойстве 18-гадовай даўніны

Мінск, 22 жніўня. У Гродне вынесены прысуд па забойстве 18-гадовай даўніны.

Як паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры, у жніўні 2000 года ў лясным масіве ўрочышча Грандзічы Гродзенскага раёна, недалёка ад дзіцячага аздараўленчага лагера "Купалінка", было знойдзена цела 19-гадовай дзяўчыны са шматлікімі пакалечаннямі і прыкметамі гвалтоўнай смерці. Нягледзячы на прынятыя праваахоўнымі органамі намаганні, раскрыць злачынства па гарачых слядах не ўдалося.

Асоба, якая ўчыніла забойства з асаблівай жорсткасцю, была ўстаноўлена дзякуючы магчымасці вызначаць генатып чалавека па біялагічным матэрыяле, якая з'явілася ў экспертаў. У 2017 годзе пры працы з асобамі, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за асабліва цяжкія злачынствы, эксперты адабралі біялагічныя ўзоры ў 51-гадовага жыхара Гродна і правялі генатыпаскапічную экспертызу. Аналіз узораў супаў з генатыпам, выведзеным з біялагічнага матэрыялу, які быў выяўлены і канфіскаваны падчас агляду месца здарэння ў 2000 годзе, у тым ліку на рэчах забітай.

Мужчына быў асуджаны ў 1994 годзе за забойства на сем гадоў пазбаўлення волі, вызваліўся ўмоўна-датэрмінова з папраўчай установы ў чэрвені 1999 года. А крыху больш чым праз год падазраваны зноў наўмысна забіў чалавека. З моманту ўчынення злачынства і да выяўлення яго дачынення да забойства ён вёў звычайны лад жыцця, меў сям'ю, працаваў.

Улічваючы цяжар зробленага, суд не ўбачыў падстаў для вызвалення абвінавачванага ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці.

Прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суда ён прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю, спалучаным са згвалтаваннем, асобай, якая раней учынiла наўмыснае забойства, па артыкуле 100 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Абвінавачванаму прызначана пакаранне ў выглядзе 23 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Прысуд не набыў законную моц, можа быць апратэставаны і абскарджаны.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239