Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/22/969634_969645/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:39
22.08.2018 12:36 Палітыка

Герашчанка: Кантактная група ў Мінску пачала працу па складанні спісаў затрыманых украінцаў на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік

Мінск, 22 жніўня. Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны пачала працу па складанні спісаў затрыманых украінцаў на тэрыторыі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, паведаміла ў "Фэйсбуку" віцэ-спікер Вярхоўнай рады, прадстаўнік Украіны ў падгрупе па гуманітарных пытаннях Ірына Герашчанка.

Паводле яе слоў, расійскі бок пярэчыць супраць ініцыятывы аб асобнай сустрэчы ў Мінску для абмеркавання магчымасці перадачы 36 расіян у абмен на грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў зняволенні ў РФ. "Відавочна, што Расія не шануе сваіх грамадзян. Прадстаўнікі РФ і АБСЕ былі афіцыйна праінфармаваныя аб звароце да прэзідэнта Пуціна 22 расійскіх грамадзян, асуджаных за тэрарыстычныя акты, шпіянаж, падрыўныя дзеянні ў шэрагах бандфарміраванняў, з просьбай абмяняць іх на зняволеных у Расіі украінцаў. Украінскі бок, наадварот, гатовы абмяняць іх як мага хутчэй", — адзначыла Герашчанка.

Прадстаўнік Украіны паведаміла, што ў пачатку верасня запланаваны візіт каардынатара падгрупы па гуманітарных пытаннях Тоні Фрыша на тэрыторыю ДНР і ЛНР. "Мы яшчэ раз нагадалі, што ўкраінскія заложнікі пазбаўленыя тэлефоннай сувязі, перапіскі і права на атрыманне пасылак. Мы настойваем на тым, каб спадар Фрыш быў дапушчаны да таго, каб убачыць усіх тых украінскіх вайскоўцаў, якія былі незаконна затрыманыя бандыцкімі падраздзяленнямі на працягу некалькіх гадоў", — падкрэсліла віцэ-спікер.

Як паведамлялася, у Мінску 21 жніўня пасля амаль месячнага перапынку пачаўся двухдзённы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Праходзяць сустрэчы трох з чатырох падгруп трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту: па палітычных, па гуманітарных і па пытаннях бяспекі. Падгрупа па эканоміцы не збіралася. Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для СМІ рэжыме. 22 жніўня сустрэчы падгруп працягваюцца, у другой палове дня чакаецца пасяджэнне самой кантактнай групы.

Папярэдні раўнд перамоў у беларускай сталіцы адбыўся 25 ліпеня, пасля чаго кантактная група пайшла на вакацыі. Па выніках гэтага раўнда спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заявіў журналістам, што колькасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва і колькасць выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню на ўсходзе Украіны скарачаецца.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН