Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/23/969780_969781/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:33
23.08.2018 11:39 Эканоміка, Грамадства

Старшыня Белстата: Дадзеныя аб інфляцыі і сярэдняй зарплаце заўсёды выклікаюць сумневы ў насельніцтва

Мінск, 23 жніўня. Большасць "карыстальнікаў інфармацыі" Нацыянальнага статыстычнага камітэта не сумняваюцца ў яе дакладнасці, заявіла старшыня Белстата Іна Мядзведзева ў інтэрв`ю газеце "Рэспубліка", апублікаваным 23 жніўня.

"Зыходзячы з анкет карыстальнікаў, запоўненых на нашым сайце, большасць давяраюць нашым дадзеным. Мы стараемся быць максімальна адкрытымі, не трымаем у сакрэце метадалогіі, паводле якіх разлічваецца той ці іншы паказчык ці індэкс. Іншае пытанне, што такія сацыяльна значныя паказчыкі, як сярэдні заробак або індэкс спажывецкіх цэн, заўсёды выклікаюць мноства сумневаў, — адзначыла яна. — Як прафесіяналы-статыстыкі мы разумеем: лічба адлюстроўвае нейкі сярэдні паказчык. Але многія спрабуюць яго перанесці на сябе і кажуць: а мая зарплата меншая. Ці, паводле маіх назіранняў, цэны растуць хутчэй".

Паводле слоў Мядзведзевай, Белстат ставіцца да гэтага з разуменнем: "Пастаянна публікуем прэс-рэлізы з тлумачэннямі, шчыльна працуем з прэсай. Праводзім прамыя тэлефонныя лініі".

Кіраўнік Белстата падкрэсліла, што ў Беларусі індэкс спажывецкіх цэн разлічваецца па такой жа метадалогіі, "як ва ўсім цывілізаваным свеце", — яе распрацоўвае Міжнародны валютны фонд.

"Іншае пытанне, што ў кожнай дзяржаве вызначаецца свой спажывецкі кошык для вылічэння ІСЦ. Але ён атрымліваецца на аснове вывучэння спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак. У Беларусі асноўнымі для насельніцтва з`яўляюцца 460 тавараў і паслуг, штогод мы збіраем да 65 тысяч каціровак цэн. Уяўляеце, які аб`ём інфармацыі мы атрымліваем! І кожная цана ўваходзіць у ІСЦ са сваёй удзельнай вагой у спажывецкіх расходах. Але, зноў жа, мы атрымліваем нейкі сярэдні вынік, — патлумачыла Мядзведзева. — Напрыклад, у ліпені здарылася дэфляцыя: ІСЦ знізіўся на 0,2 працэнтнага пункта. Асноўны фактар — сезонны: патаннела садавіна і гародніна. Так, ураджай памідораў выдатны, іх шмат, яны недарагія. Але калі паглядзець на цэны па іншых прадуктах харчавання — так, пэўны рух уверх".

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што ў кожнага чалавека ёсць "нейкі паказчык асабістай інфляцыі", зыходзячы з яго структуры спажывецкіх расходаў. "Несумненна, адчуванні цэн насельніцтвам, яго інфляцыйныя чаканні вельмі важныя. І мы праводзім адпаведныя даследаванні пры выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак. З нашага вопыту магу сказаць: на адчуванні людзей уплывае не толькі фактычная сітуацыя, але і самыя разнастайныя фактары. У тым ліку знешнія. Вялікае значэнне людзі надаюць курсавым зменам", — падкрэсліла кіраўнік Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле звестак Белстата, спажывецкія цэны ў Беларусі ў ліпені знізіліся на 0,2%, з пачатку года — выраслі на 2,8%.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239