Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/23/969783_969784/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 17:55
23.08.2018 12:08 Грамадства

Жыхары Бараўлянаў заклікалі Лукашэнку абараніць іх лес ад высечкі пад забудову

Мінск, 23 жніўня. Жыхары Бараўлянаў (Мінскі раён) размясцілі на канале YouTube адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць пасёлак ад высечкі лесу пад забудову.

У ім ініцыятыўная група звяртае ўвагу кіраўніка дзяржавы на тое, што Мінаблвыканкам збіраецца высечы 2.200 дарослых дрэў, што складае 84% бараўлянскага лесу.

Пры гэтым, адзначаюць жыхары, прадстаўнікі Мінрайвыканкама заяўляюць, што гэтыя высечкі ў пасёлку пад будаўніцтва дзіцячага саду і школы нібыта ўзгоднены з кіраўніком дзяржавы.

У той жа час, падкрэсліваецца ў звароце, у чэрвені 2017 года падчас абмеркавання карэкціроўкі генеральнага плана пасёлка Лясны і вёскі Бараўляны прадстаўнік Мінрайвыканкама заяўляў, што мясцовыя ўлады і ўлады вобласці "не жадаюць ніякіх праблем для насельніцтва Бараўлянаў".

"Аляксандр Рыгоравіч, чыноўнікі з выканкамаў не выконваюць ваша найжорсткае ўказанне аб недапушчальнасці знішчэння дарослых дрэў дзеля будаўніцтва і аб недапушчальнасці канфліктаў з насельніцтвам", — гаворыцца ў звароце мясцовых жыхароў.

Яны адзначаюць, што ў бараўлянскі лес "прыходзяць у грыбы і ягады, дыхаюць свежым паветрам дзеці з дзіцячай вёскі SOS, Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі". Таксама ў прызначаным для высечкі лесе растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Мясцовыя жыхары выступаюць супраць незаконнага, на іх думку, рашэння генплана па развіцці магістральнай дарогі "вул. Праектаваная, 3". "Выканкамы пішуць, што вуліца будзе пралягаць па межах пасёлка. Але гэта падман — яна пройдзе фактычна праз пасёлак", — падкрэслівае ініцыятыўная група.

Сцвярджэнні чыноўнікаў пра недахоп свабоднай зямлі ў раёне таксама лжывыя, заяўляюць жыхары, адзначаючы, што побач знаходзіцца поле, якое не выкарыстоўваецца. Вінаватыя ў недахопе 4,5 тыс. месцаў у школах і 1,2 тыс. у дзіцячых садах, які ўзнік пасля 2006 года ў выніку інтэнсіўнай забудовы Бараўлянаў, павінны адказаць паводле закона, лічаць мясцовыя жыхары. У выніку будаўніцтва насельніцтва Бараўлянаў вырасла з 18 да 55 тыс. чалавек.

"Дарагі прэзідэнт, просім вас навесці парадак у Бараўлянах. З нашай малой радзімы выканкамы і забудоўшчыкі робяць спальны раён Мінска", — гаворыцца ў звароце.

Пад ім падпісаліся больш за 5 тыс. жыхароў пасёлка.

Пра сваю праблему мясцовыя жыхары таксама расказалі журналістам, сустрэча з якімі адбылася 21 жніўня.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239