Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/23/969864_478556/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:57
23.08.2018 17:34 Грамадства

Раптоўна памёр заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай

Мінск, 23 жніўня. 23 жніўня ў Мінску на 53-м годзе жыцця раптоўна памёр заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.
Пахаванне адбудзецца ў нядзелю, 26 жніўня, у Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі "Пад снегам" выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта", у 2017-м — "Абдымкі".

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ зведаў пераслед за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя". У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.

У 1991 годзе падчас працы ў газеце "Знамя юности" вёў беларускамоўную старонку "Родны склон". Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выданых беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв`ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

У 2004 годзе БелаПАН пад кіраўніцтвам Ліпая быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага "За мужнасць і прафесіяналізм" як "пацвярджэнне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнанне высокага прафесіяналізму журналістаў".

У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса "Маладая прэса Усходняй Еўропы".

У 2006 годзе БелаПАН і яго інтэрнэт-газета Naviny.by атрымалі прэмію Рунэту ў намінацыі "За межамі Ru".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН