Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/24/969949_879003/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:53
24.08.2018 14:03 Грамадства, Палітыка

Глабальны прафсаюз IndustriALL асуджае вынясенне абвінаваўчага прысуду лідарам прафсаюза РЭП Фядынічу і Комліку

Мінск, 24 жніўня. Глабальны прафсаюз IndustriALL, членам якога з`яўляецца РЭП, асуджае вынясенне абвінаваўчага прысуду лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. Пра гэта заявіў журналістам прысутны на судзе памочнік генеральнага сакратара Глабальнага прафсаюза Кемаль Азкан.

"Гэта вельмі сумны дзень для Беларусі, таму што Фядыніч і Комлік — гэта найбольш паважаныя асобы ў IndustriALL па сваіх дзелавых і чалавечых якасцях. І мне вельмі шкада, што я прысутнічаў на такім журботным мерапрыемстве, як абвяшчэнне прысуду", — сказаў Азкан.

"Я прадстаўляю тут 50 млн чалавек са 154 краін. І хачу з упэўненасцю заявіць, што ні ў адной краіне свету такі працэс немагчымы. Адзінае, чым яны займаліся, — абаранялі правы работнікаў, а гэта ні ў якім разе не з`яўляецца злачынствам", — сказаў ён.

Прадстаўнік IndustriALL нагадаў, што на апошняй канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэневе Беларусь была ўключаная ў кароткі спіс краін, якія парушаюць правы чалавека, у тым ліку правы прафсаюзаў і іх членаў. "Гэты прысуд яшчэ раз пацвердзіў нашы разумныя і правільныя асцярогі наконт сітуацыі ў Беларусі", — дадаў Азкан.

Ён выказаў надзею, што пры абскарджанні прысуд будзе цалкам адменены. "Мы выкарыстаем усе магчымасці, каб аказаць націск на ўлады Беларусі і каб інфармацыя пра вынікі гэтага працэсу была максімальна шырока распаўсюджаная па ўсім свеце", — сказаў на заканчэнне памочнік генеральнага сакратара IndustriALL.

Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі, бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці. Да ўваходжання прысуду ў сілу яны павінны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і на працягу пяці гадоў не маюць права займаць пасады кіраўнікоў. Такі прысуд абвясціў 24 жніўня суд Савецкага раёна Мінска пад старшынствам суддзі Марыны Фёдаравай. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тыс. рублёў у даход дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239