Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/24/970009_874512/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:33
24.08.2018 16:16 Грамадства, Палітыка

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў: Прысуд Фядынічу і Комліку павінен быць адменены

Мінск, 24 жніўня. Судовы працэс над лідарамі незалежнага прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам быў палітычна матываваны і ў значнай ступені не адпавядаў гарантыям справядлівага судовага разбору, прысуд павінен быць адменены. Пра гэта гаворыцца ў заяве Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, якую прыводзіць сайт spring96.org.

Абсерваторыя накіроўвала ў Беларусь місію для назірання за судовым працэсам.

"На думку ўладаў, у перыяд з 2011 па 2012 год Фядыніч і Комлік уступілі ў змову з мэтай атрымання фінансавання з-за мяжы ў выглядзе пераводаў на банкаўскі рахунак у Вільнюсе, Літва, а таксама зняцця і перапраўкі наяўных у Беларусь з дапамогай калегаў, не падаючы пры гэтым інфармацыю аб гэтых аперацыях уладам", — адзначаецца ў заяве.

Сёння суд вынес рашэнне, згодна з якім лідары РЭП прызнаныя вінаватымі па ўсіх пунктах абвінавачання і прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без турэмнага зняволення, да штрафу і пяці гадоў абмежавання на займанне афіцыйных пасадаў.

"Суд уяўляў сабой захапляльнае відовішча. Адным з самых яркіх эпізодаў стала нечаканае прызнанне платнага інфарматара КДБ. Але ён таксама стаў і пародыяй на правасуддзе, — заявіў прысутны на працэсе кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Ілья Нузаў. — Не было ніякіх паказанняў або іншых доказаў, якія маюць дачыненне да інкрымінаванага перыяду, і ўлады сфабрыкавалі практычна ўсю доказную базу для прыняцця рашэння, якое пацвярджае палітычны характар справы".

У заяве Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў адзначаецца, што падчас судовага разбору па меншай меры шэсць сведак заявілі, што іх дасудовыя паказанні былі атрыманыя шляхам пагроз, запалохвання і іншага націску з боку ўладаў падчас першапачатковага дазнання. "Хоць суддзя Фёдарава ініцыявала правядзенне праверкі гэтых заяў ужо падчас судовага разбіральніцтва, гэтая праверка не была непрадузятай і дасканалай, здольнай эфектыўна выявіць супрацьпраўныя дзеянні з боку ўладаў", — адзначаецца ў дакуменце.

Больш за тое, падкрэслівае праваабарончая арганізацыя, абвінавачанне "было пабудаванае вакол ключавых доказаў, у тым ліку неаўтарызаваных банкаўскіх запісаў з літоўскага банка, а таксама інфармацыі аб банкаўскім рахунку і грашовых патоках ад замежных арганізацый, атрыманых з выкарыстаннем ананімнага ўліковага запісу электроннай пошты". "Сведкі з боку абвінавачання адмовіліся даць якую-небудзь канкрэтную інфармацыю аб тым, як былі сабраныя гэтыя доказы, у агульных рысах спасылаючыся на ход "следчай працы". Гэтыя факты ў значнай ступені ўплываюць на законнасць і надзейнасць такіх доказаў, а таксама на здольнасць Комліка і Фядыніча падрыхтаваць адэкватную абарону", — гаворыцца ў заяве абсерваторыі.

На думку праваабарончай структуры, гэтымі дзеяннямі ўлады парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў была створаная ў 1997 годзе Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў. Яе мэта — умяшанне для прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239