Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/24/970012_880022/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 18:36
24.08.2018 16:39 Палітыка, Грамадства

Сем апазіцыйных партый і арганізацый патрабуюць ад уладаў спыніць палітыку рэпрэсій і націску на СМІ і прафсаюзы

Мінск, 24 жніўня. Сем апазіцыйных палітычных партый і арганізацый 24 жніўня прынялі заяву "аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі", у якой патрабуюць ад уладаў спыніць палітыку рэпрэсій і націску на СМІ і прафсаюзы.

Заяву падпісалі кіраўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі "Зялёныя", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыі БНФ, руху "За Свабоду" і прафсаюза РЭП.

У дакуменце гаворыцца, што беларускія ўлады "мэтанакіравана і няспынна знішчаюць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць". "Пасля знішчэння незалежнай сацыялогіі дзяржава спрабуе запалохаць, разбурыць і ўзяць пад свой кантроль незалежныя медыя, расправіцца з незалежнымі прафсаюзамі, не даць магчымасць з'явіцца новым лідарам", — лічаць аўтары заявы.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі, падзеі ў краіне сведчаць пра тое, што ўлада не здольная на дэмакратычныя пераўтварэнні і можа праводзіць толькі рэпрэсіўную палітыку. "Усю паўнату адказнасці за парушэнні правоў і свабод грамадзян, наступ на незалежныя медыя і прыватны бізнес, незалежныя прафсаюзы, грамадска-палітычныя арганізацыі, а таксама за правалы ў эканоміцы — нясе вышэйшае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь", — сказана ў заяве.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі апазіцыі патрабуюць спыніць крымінальны пераслед журналістаў і лідараў прафсаюзаў, блакаванне незалежных інтэрнэт-сайтаў, пераслед абаронцаў Курапатаў і ўдзельнікаў іншых мірных акцый пратэсту. Яны таксама патрабуюць унясення зменаў у выбарчае заканадаўства.

Аўтары заявы звяртаюцца да міжнароднай супольнасці з заклікам перагледзець умовы супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі і фармаваць парадак дня з прыярытэтам захавання правоў чалавека, патрабаваннем рэформы праваахоўнай сістэмы і выбараў згодна са стандартамі АБСЕ.

"Мы звяртаем увагу на тое, што зняцце санкцый Еўрасаюза ў 2016 годзе не прывяло да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і свабодамі ў краіне, а адсутнасць істотнай міжнароднай рэакцыі на парушэнні правоў чалавека дазваляе беларускім уладам праводзіць новыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці", — сказана ў заяве.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239