Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/24/970027_445128/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:45
24.08.2018 17:24 Палітыка, Грамадства

Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманых каля Дома правасуддзя актывістаў павязуць у ІЧУ на Акрэсціна

Мінск, 24 жніўня. Затрыманых 24 жніўня ля Дома правасуддзя ў Мінску актывістаў павязуць у ІЧУ на Акрэсціна, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Пасля абвяшчэння прысуду па справе лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты правялі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі прафсаюза РЭП і "Еўрапейскай Беларусі". Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад`ехаў чырвоны аўтобус з супрацоўнікамі АМАП, якія затрымалі актыўных удзельнікаў пікета.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманыя 11 чалавек: Алесь Абрамовіч (Барысаў), Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, Мая Навумава, Уладзімір Неўмяржыцкі, Павел Мрочка (Брэст), Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск), Максім Вінярскі, Мікалай Статкевіч, Тамара Зайцава (Калінкавічы), Андрэй Хранкоў. Усіх даставілі ва УУС Маскоўскага раёна Мінска.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у мужчын у РУУС забралі шнуркі, а адзін з супрацоўнікаў упраўлення паведаміў, што ўсіх затрыманых "афармляюць на суткі" і чакаць іх сёння не мае сэнсу. Верагодна, у панядзелак, 27 жніўня, адбудуцца суды.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239