Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/26/970179_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:36
26.08.2018 15:49 Грамадства

У Мінску развіталіся з Алесем Ліпаем

Мінск, 26 жніўня. У Мінску 26 жніўня прайшла цырымонія развітання з заснавальнікам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і інтэрнэт-газеты Naviny.by Алесем Ліпаем. Ён раптоўна памёр 23 жніўня ў адной са сталічных клінік на 53-м годзе жыцця.
Спачатку ў прысутнасці родных у рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага, 12, прайшло адпяванне нябожчыка па праваслаўнай традыцыі. Затым развітацца з Алесем змаглі яго шматлікія калегі і сябры, вядомыя палітыкі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса — усяго каля паўтары сотні чалавек.

Падчас цырымоніі галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына эмацыйна звярнулася да свайго сябра і калегі са словамі: "Алесь, мы тут, твая рэдакцыя. У які рай ты б ні трапіў, ты заўсёды будзеш нашым сэрцам, мозгам, стрыжнем. Дзякуй табе за БелаПАН. За тое, што даў нам магчымасць працаваць годна і свабодна нават пры гэтай уладзе. Нават у гэтыя чорныя дні без цябе нашы абедзве стужкі працягваюць абнаўляцца. Таму што ты навучыў нас так працаваць. Таму што мы ведаем, як для цябе важна захаваць БелаПАН. Я абяцаю, што мы зробім усё магчымае, каб так было заўсёды. Ты адтуль нас зберагай і накіроўвай. Я нават не развітваюся — будзем на сувязі, убачымся".

Каля 12 гадзін працэсія накіравалася з Мінска ў Рудзенск (Пухавіцкі раён), дзе на мясцовых могілках адбылося пахаванне. Алеся Ліпая пахавалі побач з яго маці і сястрой.

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі "Пад снегам" выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта", у 2017-м — "Абдымкі".

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ зведаў пераслед за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя". У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.

У 1991 годзе падчас працы ў газеце "Знамя юности" вёў беларускамоўную старонку "Родны склон". Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выданых беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв`ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

У 2004 годзе БелаПАН пад кіраўніцтвам Ліпая быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага "За мужнасць і прафесіяналізм" як "пацвярджэнне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнанне высокага прафесіяналізму журналістаў".

У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса "Маладая прэса Усходняй Еўропы".

У 2006 годзе БелаПАН і яго інтэрнэт-газета Naviny.by атрымалі прэмію Рунэту ў намінацыі "За межамі Ru".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН