Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/27/eu_970259_970260/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 14:58
27.08.2018 15:33 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Шведскія праваабаронцы заклікаюць улады краіны ўзмацніць націск на афіцыйны Мінск у сувязі з прыгаворам па справе РЭП

Мінск, 27 жніўня. Шведская праваабарончая арганізацыя Ostgruppen заклікае ўлады краіны ўзмацніць націск на афіцыйны Мінск у сувязі з вынясеннем абвінаваўчага прысуду ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Заява старшыні арганізацыі Марціна Углы апублікавана на сайце spring96.org.

Ostgruppen заклікае міністра замежных спраў Швецыі Марго Уолстстрэм "рэзка адрэагаваць на беларускі рэжым". "Калі ўрад Швецыі маўчыць аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, на практыцы Лукашэнка можа атрымаць карт-бланш для працягу рэпрэсій супраць іншадумства", — гаворыцца ў заяве.

Падкрэсліваецца, што Фядыніч і Комлік "з`яўляюцца вядучымі прадстаўнікамі незалежнай прафсаюзнай арганізацыі РЭП, якая, сярод іншага, з`яўляецца актыўным крытыкам у дачыненні да злачынстваў Беларусі супраць міжнародных канвенцый аб працоўным праве". "Працэс супраць іх разглядаецца праваабаронцамі як спроба рэжыму прымусіць замаўчаць сваіх крытыкаў", — падкрэсліў Угла.

На яго думку, фармальна Фядыніч быў асуджаны за нявыплату падатку пры кіраванні фондамі замежнай дапамогі праз рахункі за мяжой. "Аднак доказы і сведчанні, якія былі прадстаўлены ў ходзе судовага разбору, былі цалкам адпрэчаны незалежнымі экспертамі. Тая ж самая апеляцыя была таксама выкарыстана пры судовым разглядзе супраць аднаго з самых важных праваабаронцаў Беларусі Алеся Бяляцкага, калі ў 2011 годзе ён быў прыгавораны да доўгатэрміновага турэмнага зняволення і пасля стаў адным з найбольш вядомых палітычных зняволеных краіны", — адзначаецца ў заяве.

"Нягледзячы на тое што Фядыніч і Комлік пазбеглі зняволення ў турму, гэта азначае, што ім не дазваляецца актыўна працаваць у прафсаюзным руху на працягу доўгага часу. Гэта таксама спрыяе стрымліванню іншых крытыкаў рэжыму, — падкрэсліў Марцін Угла. — Ostgruppen заклікае да ўзмацнення націску з боку Швецыі і ЕС да рэжыму дыктатуры ў Беларусі. Неабходна перагледзець палітыку Швецыі і ЕС у дачыненні да Беларусі. Рэпрэсіі Лукашэнкі павінны мець відавочныя наступствы, напрыклад, у выглядзе новых санкцый у дачыненні да асоб, якія ўчынілі сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека. У той жа час фінансавая дапамога Беларусі павінна быць накіравана выключна на дэмакратычныя сілы. Сёння вялікая частка рэсурсаў ідзе на супрацоўніцтва з дзяржаўнымі суб`ектамі".

Як паведамлялася, 24 жніўня старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі, бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тыс. рублёў у даход дзяржавы.

Фядыніч і Комлік прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Паводле версіі следства, у 2011 годзе яны парушылі заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэт аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Вынясенне абвінаваўчага прысуду асудзілі Глабальны прафсаюз IndustriALL і Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239