Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/28/970486_970487/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 19:01
28.08.2018 17:30 Грамадства

СК правярае інфармацыю СМІ пра вакцынацыю дзяцей незарэгістраваным прэпаратам

Мінск, 28 жніўня. Следчы камітэт правярае апублікаваную ў шэрагу СМІ інфармацыю аб вакцынацыі беларускіх дзяцей незарэгістраваным у краіне прэпаратам "Эупента", паведамляе прэс-служба СК.
"Інфармацыя правяраецца следчымі ў кантэксце магчымага выкарыстання сітуацыі, якая склалася, у рамках канкурэнтнай барацьбы вытворцаў вакцын", — адзначаецца ў паведамленні.

Дадаткова СК высвятляе парадак закупкі вакцыны, збіраецца інфармацыя аб праходжанні лекамі неабходных перад прымяненнем працэдур, рэгламентаваных дзейным заканадаўствам. Правяраюцца якасць і паходжанне канфіскаваных узораў прэпарата.

Следчыя таксама працягваюць праверку па факце смерці двухмесячнага дзіцяці пасля правядзення планавай вакцынацыі ў Ганцавіцкім раёне. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. Канфіскаваныя ўзоры вакцыны, якая выкарыстоўвалася для правядзення прышчэпак.

Канчатковае працэсуальнае рашэнне будзе прынята па выніках праверачных мерапрыемстваў, адзначаецца ў паведамленні Следчага камітэта.

Трагедыя адбылася 13 жніўня. Бацькі двухмесячнага хлопчыка даставілі яго ў фельчарска-акушэрскі пункт на планавую вакцынацыю. Пасля ўвядзення некалькіх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Брыгада хуткай дапамогі даставіла хлопчыка ў Ганцавіцкую цэнтральную раённую бальніцу, але выратаваць дзіця не ўдалося. Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта ініцыяваў праверку па факце смерці дзіцяці. Былі прызначаны экспертныя даследаванні канфіскаваных медыцынскіх дакументаў і прэпаратаў, у прыватнасці дзвюх вакцын, якія ўвялі дзіцяці, — "Эупента" (LG Chem, Паўднёвая Карэя) і "Імавакс Полія" (Sanofi Pasteur, Францыя). Прымяненне дзвюх серый вакцын "Эупента" і "Імавакс Полія" ў Беларусі прыпынена да завяршэння расследавання.

27 жніўня інтэрнэт-рэсурс "Ежедневник" апублікаваў матэрыял "Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як з беларускіх дзяцей зрабілі выпрабавальны палігон", які перадрукаваў шэраг сродкаў масавай інфармацыі. Нагодай для артыкула стала трагедыя ў Ганцавіцкім раёне, дзе пасля прышчэпкі АКДС памерла двухмесячнае дзіця. "Ежедневник" напісаў, што беларускіх дзяцей прышчапляюць вакцынай, якая не толькі не прайшла рэгістрацыю ў Беларусі, але і мае блытаную гісторыю праходжання выпрабаванняў і рэгістрацыі ў Паўднёвай Карэі.

Міністэрства аховы здароўя 28 жніўня размясціла на сваім сайце паведамленне, у якім адзначае, што "фармат падачы інфармацыі і грубае выкладанне фактаў у артыкулах, апублікаваных на адным з інтэрнэт-рэсурсаў і перадрукаваных іншымі СМІ, могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя".

Пры гэтым ведамства звяртае ўвагу, што "неаднаразова выказвала сваю пазіцыю" па публікацыях у шэрагу СМІ артыкулаў, звязаных з вакцынапрафілактыкай у Беларусі, у прыватнасці ў публікацыях 20 і 23 жніўня.

"Паведамляем, што ведамства накіравала адпаведныя дакументы ў Генеральную пракуратуру", — гаворыцца ў паведамленні. Якія менавіта дакументы, у прэс-службе не ўдакладнілі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239