Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/29/970628_970629/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:09
29.08.2018 16:29 Палітыка, Грамадства

Генпракуратура Беларусі просіць украінскі бок праверыць факты нанясення абвінавачванаму ў шпіянажы Юрыю Палітыку цялесных пакалечанняў

Мінск, 29 жніўня. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк звярнуўся да генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі з просьбай арганізаваць праверку па факце прычынення цялесных пакалечанняў беларускаму грамадзяніну Юрыю Палітыку, што ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА Чарнігава.

Як паведамляе прэс-служба беларускай Генпракуратуры, "паводле наяўнай інфармацыі, маці Юрыя Палітыкі пасля наведвання сына 17 жніўня 2018 года ў следчым ізалятары звярнулася ў пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне з заявай аб збіванні яго сакамернікам". "Падчас консульскага доступу да Юрыя Палітыкі 23 жніўня 2018 года гэта інфармацыя пацвердзілася. У выніку збівання ў яго выяўлены пералом скроневай косткі злева і гематома пад левым вокам. Як паведаміла консульская служба, перад інцыдэнтам, нягледзячы на пярэчанні, Юрыя Палітыку перавялі ў іншую камеру, пры гэтым адміністрацыя папраўчай установы выказвала пагрозы змяшчэння яго ў карцар", — адзначае прэс-служба.

На думку беларускага боку, аб спланаваным характары таго, што адбылося, сведчаць не выкліканы неабходнасцю перавод абвінавачванага ў іншую камеру і малазначная нагода для яго збівання — "паставіў пральны парашок не на сваё месца". "Адзначаецца, што збіванне Юрыя Палітыкі адбылося 7 жніўня 2018 года — пасля сустрэчы намесніка генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксея Стука з кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры Украіны, якая адбылася за пяць дзён да гэтага. Беларускі бок тады выказваў занепакоенасць сітуацыяй з Юрыем Палітыкам, звяртаў увагу на недазволеныя метады вядзення следства, якія мелі месца, у тым ліку прымяненне катаванняў і зневажанняў", — нагадалі ў прэс-службе.

"Варта канстатаваць, што працягваецца мэтанакіраванае фізічнае і псіхаэмацыйнае ўздзеянне на Юрыя Палітыку з мэтай яго прымусу да прызнання віны ў выстаўленым абвінавачанні, — падкрэслілі ў ведамстве. — У лісце Аляксандр Канюк заклікаў украінскага калегу прыняць належныя меры па забеспячэнні ўмоў утрымання Юрыя Палітыкі пад вартай, выключэнні магчымасці правакацый і прымянення да яго супрацьпраўнага ўздзеяння".

Пытанне захавання падчас крымінальнага працэсу правоў Юрыя Палітыкі знаходзіцца на кантролі Генеральнай пракуратуры Беларусі, дадалі ў прэс-службе.

Палітыку, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы, пераводзяць у СІЗА СБУ ў Кіеве. Такое рашэнне прыняў 28 жніўня Новазаводскі раённы суд Чарнігава, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Палітыку таксама працягнуты тэрмін арышту да 3 кастрычніка.

Паводле слоў Глаза, маці Палітыкі, якая 17 жніўня наведвала сына ў СІЗА ў Чарнігаве, звярнулася 21 жніўня ў МЗС з заявай аб аказанні консульскага садзейнічання ў сувязі з тым, што ўбачыла ў сына траўмы падчас спаткання. "Мы дамагліся дазволу на консульскае наведванне. 22 жніўня ў яго быў консул. Юрый Палітыка быў з траўмамі", — сказаў Глаз.

Сам Палітыка на судзе заявіў, што не памятае акалічнасцяў, пры якіх атрымаў траўму. Паводле яго слоў, гэта адбылося 7 жніўня, а 10-га яму зрабілі аперацыю на скроні. Палітыка ў зале суда сказаў, што адчувае сябе дрэнна, у яго баліць галава.

Юрый Палітыка быў затрыманы СБУ 16 чэрвеня 2017 года ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску "Новыя Ярылавічы" Чарнігаўскага пагранічнага атрада.

12 лютага Чарнігаўскі раённы суд пачаў падрыхтоўчы разгляд справы Палітыкі. Судовыя пасяджэнні па розных прычынах пераносіліся восем разоў.

15 мая калегія суддзяў, якая вяла працэс, заявіла аб самаадводзе. Гэта рашэнне падтрымалі пракуроры, а таксама абвінавачваны і яго адвакаты. Як паведамлялася на сайце Чарнігаўскага раённага суда, прычынай самаадводу стала тое, што жонка аднаго з суддзяў вучылася разам з адвакатам падазраванага і знаходзіцца з ім у таварыскіх адносінах, а таксама з іншымі ўдзельнікамі калегіі суддзяў, якая разглядала справу Палітыкі.

29 мая апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці прыняў рашэнне, што справу беларуса будзе разглядаць Новазаводскі раённы суд Чарнігава. Пасля гэтага некалькі разоў прызначаліся судовыя пасяджэнні, але затым іх пераносілі з-за адсутнасці перакладчыка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239