Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/29/970648_874569/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:21
29.08.2018 18:05 Палітыка, Грамадства

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders заклікае адмяніць прысуд лідарам прафсаюза РЭП

Мінск, 29 жніўня. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders заклікае адмяніць абвінаваўчы прысуд лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, паведамляе сайт spring96.org.

"Улады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду", — гаворыцца ў звароце арганізацыі, прынятым 28 жніўня.

Front Line Defenders звяртае ўвагу на тое, што паходжанне доказаў, выкарыстаных абвінавачаннем падчас працэсу, "выклікае сур'ёзныя сумневы адносна ўсёй справы". "Ужыванне артыкула 243 для дыскрэдытацыі праваабарончых арганізацый з'яўляецца тактыкай, што ўжо выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі для пераследу старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, які правёў тры гады ў турме ў перыяд з 2011 па 2014 гады", — удакладнілі ў арганізацыі.

Як паведамлялася, 24 жніўня старшыня незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі, бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік былі прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тыс. рублёў у даход дзяржавы.

Прафсаюзныя лідары прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Згодна з версіяй следства, у 2011 годзе яны парушылі заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэт аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Вынясенне абвінаваўчага прыгавору асудзілі Глабальны прафсаюз IndustriALL і Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239