Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/29/970688_874521/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:05
29.08.2018 18:54 Грамадства, Эканоміка

У Гродне дырэктар камбіната школьнага харчавання абвінавачваецца ў атрыманні хабару і крадзяжах

Мінск, 29 жніўня. Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці расследуе крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара гродзенскага гарадскога камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Камбінат школьнага харчавання Ленінскага раёна г. Гродна", якая абвінавачваецца ў атрыманні хабару, у тым ліку паўторна (чч. 1 і 2 арт. 430 КК), а таксама ў крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку ўчыненых паўторна (чч.1 і 2 арт. 210 КК).

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, спыненню злачыннай дзейнасці кіраўніка папярэднічала эфектыўная сумесная аператыўная праца праваахоўных органаў Гродзенскай вобласці, якія 4 чэрвеня 2018 года затрымалі дырэктара на працоўным месцы пры атрыманні хабару у памеры прыблізна 500 рублёў. Грошы прымаліся кіраўніком ад загадчыкаў вытворчасці некалькіх сярэдніх школ Ленінскага раёна Гродна за неправядзенне пазапланавых праверак вытворчай дзейнасці і невыяўленне парушэнняў з боку работнікаў сталовых.

Падчас высвятлення абставінаў следчыя і аператыўныя супрацоўнікі праваахоўных органаў усталявалі і задакументавалі шэраг аналагічных фактаў атрымання хабару ад загадчыкаў вытворчасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра. За бяздзеянне з боку кіраўніка апошнія фактычна штомесяц перадавалі ад 50 да 150 рублёў.

Акрамя таго, паводле інфармацыі УСК, выяўленыя іншыя факты злачынных дзеянняў з боку дырэктара камбіната школьнага харчавання. Злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, яна сістэматычна давала ўказанні галоўнаму бухгалтару аб выдачы матэрыяльнай дапамогі падначаленым работнікам. Пры гэтым апошнія атрымлівалі толькі палову грошай, а другая палова прысвойвалася кіраўніком.

У адной вытворчасці злучаныя прыблізна 30 крымінальных спраў, распачатых у дачыненні да службовай асобы. Агульны памер беспадстаўнага ўзбагачэння перавысіў 8 тыс. рублёў.

Кіраўнік ўзятая пад варту. У мэтах забеспячэння кампенсацыі ёю нанесенай шкоды і маёмасных спагнанняў накладзены арышт на маёмасць.

Следчыя і аператыўныя супрацоўнікі правяраюць абвінавачаную на дачыненне да магчымага здзяйснення іншых карупцыйных злачынстваў. Акрамя таго, у межах крымінальнай справы будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна Гродна, грамадзян, якія давалі хабар, а таксама здзяйснялі правапарушэнні ў вытворчай дзейнасці.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239